Search 1 Billion Names - Newtab2

Lithuanian  Lietuviškai   English  English   Ukrainian  По-українському  
Сярэднявечная Літва
ГІСТОРЫЯ СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЛІТВЫ

 


Зігмас Зінкявічус
(Вільня)

ПРАБЛЕМА ВЫЗНАЧЭННЯ ТЭРМІНУ КАНЦЭЛЯРНАЙ СЛАВЯНСКАЕ МОВЫ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

       Літоўцы стварылі ўласную магутную дзяржаву і ў гэтым плане апярэдзілі іншыя балтыйскія плямёны. Цяжка адназначна вызначыць момант паўстання гэтае дзяржавы. Зазвычай гаворыцца, што Міндаўг аб’яднаў літоўскія землі ў адну дзяржаву ў 1226-1236 гадах, але існуюць падставы меркаваць, што пачатак гэтага аб’ядняння быў пакладзены раней. Прыкладам, Лівонская вершаваная хроніка згадвае пра Міндаўвага бацьку, Рынгаўда, як пра вельмі магунага князя, якому не было роўных. Тым не менш, бацька Міндаўга стварыў толькі пэўныя перадумовы аб’яднання, бо калі ў 1219 годзе было падпісанне дамовы з Валынню, то літоўскія землі прадстаўляла 21 князёў, а з іх 5 было “старэйшымі”, сярод якіх быў і Міндаўг з братам Даўспрунгам (імёны трох астатніх: Жывінбуд, Даўёт ды Вілігайла). Відавочна, атрымаўшы добра ўладкаванае, з замкамі і моцным войскам, княства – Літву, Міндаўг пашыраў яе межы далей: на ўсходзе далучыў Нальшу, на поўначы – Дэльтуву, на захадзе – частку жамойцкіх і значныя абшары яцьвяжскіх зямель, распасціраючы княства аж да Буга. Дзякуючы сваім уплывам ён здолеў падпарадкаваць таксама немалыя абшары ўсходнеславянскіх зямель: Новагародак, Менск, а нават Полацак. Гэтак былі пакладзены фундаменты моцнай Літоўскай дзяржавы, якая не толькі вытрымала ўнутраныя канфлікты пасля забойства Міндаўга (1263), але і змагла супрацьстаяць наездам Лівонскага ордэну з захаду і татараў – з усходу. Усё ж татарам не ўдалося зламаць Літвы і прымусіць яе плаціць даніну, гзн. зрабіць сваім васалам. Наадварот, літоўцы пачалі забіраць ад татараў рускія землі. Як вядома, пасля паходу хана Узбека на Літву (1325), вялікі князь Гедымін (гады панавання – 1316-1341) вырушыў у Кіеў, пабіў татараў ды захапіў сталіцу Русі (1326 г.). Яго сын, Альгерд (1345-1377), дашчэнту разбіў татараў у 1365 г. ля Блакітных водаў (узбярэжжа Чорнага мора), заняў Падолле, багатыя землі ўздоўж ракі Днестр і даліны Дняпра і такім чынам канчаткова замацаваў сваю ўладу ў Кіеве. Вялікі князь Вітаўт (1392-1430) зрабіў два – у 1397 і 1398 – пераможныя паходы супраць татараў: на ўзбярэжжа Чорнага мора і на Крым. Межы Літвы пачалі сягаць аж да Чорнага мора, да вусця Днястра і Дняпра (гэты край належаў да Літвы да 1484 г.). Вітаўт пабудаваў там цвярдыні, а каля вусця Дняпра заснаваў замак св. Яна (“Таван”). Дзякуючы безупынным бітвам з татарамі літоўцы засвоілі іхнюю ваенную тактыку, якую Вітаўт паспяхова выкарыстоўваў у бітве з немцамі ля Зялёнага бору (Грунвальд). Але далейшыя поспехі Вітаўта ў змаганні з татарамі былі спыненны балючай паразай каля р. Ворксла (на поўнач ад Палтавы). Ды на гэтым змаганні не скончыліся. Літоўцы змагаліся не толькі зброяй, але і дыпламатычнымі захадамі. Вітаў нацкоўваў магнатаў Залатой арды адных супраць другіх. Літоўцам неаднойчы ўдавалася сваіх стаўленікаў зрабіць ханамі Арды.
       Пранікаючы ў абшары падлягаючыя татарам на Усходзе, літоўцы далучылі да сваёй дзяржавы раздробленыя землі старой Русі. Экспансія літоўцаў на гэтыя землі пачалася некалькідзесят гадоў перад татарскай навалай. Пазней гаспадары гэтых земляў, баючыся жорсткага татарсткага прыгнёту, дабраахвотна падпарадкоўваліся, тым больш, што літоўцы не імкнуліся рабіць у захопленым краі якіх-кольвечы новаўвядзенняў, не пераследвалі хрысціянаў і наогул пануючыя там звычаі пакідалі “па-старому”. Часам, канешне ж, здаралася, што землі далучаліся гвалтам.
       На далучаных да Літвы ўсходнеславянскіх землях у тыя часы было ўжо пісьменства, прынесенае напрыканцы Х ст. разам з хрышчэннем (988) ад балканскіх славянаў (баўгараў). Прынесеная ў Кіеўскую Русь кніжная мова змяшалася тут у значнай ступені з элементамі старарускай мовы: людзі размаўлялі на сваёй мове, а пісалі на злаіцызаванай стараславянскай мове, уводзячы й элементы мясцовых гаворах.
       Гэтая кніжная мова ў тыя часы і была ўжываная на далучаных да Літвы рускіх землях. Пры цэрквах і манастырах было нямала людзей, якія валодалі кніжнаю мовай. Былі нават асяродкі перапісвання рукапісаў. Спісваліся таксама і дзяржаўныя дакументы, падпісваліся розныя дамовы, акты і інш. Вядома ж, літоўскія гаспадары, ведучы справаводства на далучаных землях, шырока выкарыстоўвалі гэтую пісьмовую мову. Мова гэтая ўжывалася і ў перапісцы з іншымі краінамі на Усходзе, аналагічна як лацінская мова выкарыстоўвалася ў кантактах з заходнімі краінамі. Такім чынам, у канцэлярыі князёў поруч з іншымі мовамі гэтая мова займала важнае месца.
       Праз якісьці час значэнне яе ўсё больш узрастала. Безумоўна, каб кіраваць вялікай дзяржавай, літоўскія гаспадары не маглі абыходзіцца адно толькі вуснымі загадамі, трэба было запісваць свае распараджэнні. Хоць самі яны размаўлялі па-літоўску (аж да часоў Казімера Ягайлавіча), літоўская мова была тады толькі размоўнаю, а не кніжнай, а пісьменнасць у тыя часы прыходзіла толькі з хрысціянствам. Літоўцы ж былі паганцамі і пісьменства не мелі. Ды ўрэшце кніжная мова не магла гэтак раптоўна ўзнікнуць. Патрэбен быў доўгі перыяд часу, каб сфармавалася тэрміналогія, звычаі і традыцыі стварэння дакументаў і інш.
       На той час у рэгіёне Літвы былі дзве шырока распаўсюджаныя традыцыйныя пісьмовыя мовы: у заходняй частцы – лацінская, а на ўсходняй – славянская, якою цяпер займаемся. Гэта апошняя была больш зручнай для вядзення канцэлярыі літоўскіх князёў. Таксама было дастаткова тых, хто валодаў гэтаю мовай. Акрамя таго, славянамоўны пісар быў менш аплочваны і больш даступны ў адрозненні ад лацінамоўнага, якога не так лёгка было знайсці. Урэшце ж гэтая мова была блізкай і напалову зразумелай для значнай (усходняй) часткі насельніцтва. А лацінскую мову на той час ведала толькі нязначная частка адукаваных людзей, якія атрымалі адукацыю на Захадзе.
       Але не толькі на Літве, таксама ў іншых краінах Усходняй Еўропы ў якасці кніжнай мовы ў тыя часы даволі шырока была распаўсюджана мяноўна славянская мова. Пачаткова карысталіся ёю пераважна балканскія краіны (Баўгарыя, Сербія і інш.), у Маскоўскім Княстве і на іншых усходнеславянскіх землях, нават на населенай украінцамі Галіччыне, якая належала да Польшчы. А пазней сфера ўжытку гэтае мовы яшчэ болей пашырылася. Яе пачалі ўжываць нават у неславянскіх краінах, напр. у Валакіі (Румынія), Малдавіі (Малдова).
       Гэтая мова хутка пачала ў паасобных краінах адрознівацца, пачала змешвацца з элементамі размоўнай мовы мясцовага наснельніцтва (пераважна славянскага). Яе граматычная структура, склонаваыя і асабовыя формы засталіся больш-менш аднолькавымі, але гэтыя формы з цягам часу пачалі інакш вымаўляцца, гзн. яны атрымалі адрозную фанетычную абалонку абумоўленую мясцовымі гаворкамі. Такім чынам, у Вялікім Княстве Маскоўскім яна ўжо не была цалкам такая ж, што мова на землях літоўскіх, а тым больш у Малдавіі ці на Балканах, гэтак як і лаціна ў тыя часы рознілася ў паасобных раманскіх краінах заходняй Еўропы (у Італіі, Францыі, Іспаніі і інш.), дзе на яе моцна ўздзейнічалі мясцовыя гаворкі, якія паўсталі з народных дыялектаў той жа лацінскае мовы. Так ці гэтак, узаемаўздзеянне паміж афіцыйнаю кніжнай мовай і мясцовымі роднаснымі размоўнымі мовамі было інтэнсіўным, гэтыя элементы ўсяк перапляталіся і крыжаваліся, адсюль цяжка сёння высветліць складаны працэс моўных кантактаў. У Вялікім Княстве Маскоўскім і ў паўсталай пазней на яе аснове Расейскай дзяржаве доўгі час, нават у XVII cт., існавала такое выказванне: “Разговаривать надо по-русски, а писать по-славянски” (размаўляць трэба па-расейску, а пісаць па-славянску). З дзяцінства людзі там размаўлялі на роднай мове, а чытаць і пісаць вучыліся на стара- (-царкоўна-) -славянскай мове, якая – як мова літаратурная – была ў пашане. Падобная сітуацыя была і на ўсходніх частках Літоўскай дзяржавы. Для расейца, беларуса і ўкраінца гэтая кніжная мова была даволі блізкая, ён мог “вобмацкам”, дзякуючы знаёмам словам, яе зразумець.
       На Літве свецкая (не царкоўная) славянская кніжная мова фармавалася своеасабліва. Пачаткова яна характарызавалася выразнай наяўнасцю элементаў усходнеславянскай (старарускай) мовы, на працягу доўгага часу была пад уздзеяннем заходніх дыялектаў старарускай мовы, якія сталіся субстратам для паўстання беларускае і ўкраінскай мовы. Найстарэйшыя помнікі гэтай кніжнай мовы засталіся з часоў Вітаўта. Ці да гэтага часу яна ўжывалася ў справаводстве літоўскіх князёў, а калі так, то ў якім памеры – застаецца нявыясненым. Тое, што ўсё ж у нейкай ступені ёю карысталіся, даказвае знойдзеная ў Новагародку пячатка Міндаўга з ягоным імем напісаным па-славянску. Аднак яе [славянскай мовы] значэнне тады не магло быць вялікім, бо нават з часоў Вітаўта захавалася параўнальна нямнога дакументаў, меней чым лацінскіх або нямецкіх. Мова ж дакументаў з Вітаўтавых часоў характарызуецца наяўнасцю даволі выразных элементаў ўсходнеславянскай (старарускай) мовы, як напр. плеафонія, пераход рэдукаваных ъ, ь у о, е і інш. Вядомы нарвежскі балтазнаўца і славяназнаўца Х.Станг паказаў, што значны ўплыў на гэту мову аказвала не беларуская гаворка, а тагачасная размоўная мова жыхароў Валыні, з цэнтрам у Луцку (другая сталіца Вітаўта). У Вітаўтавых дакументах няма акання, размеркаванне а і о гэткае ж, што і ў стараславянскай мове, няма азнакаў дэпалатызацыі мяккага санорнага р ды іншых элементаў характэрных беларускай мове.
       У часы Жыгімонта Кейстутавіча (1432-1440) мова пісаных дакументаў крыху аддаляецца ад мовы ўжыванай у Вітаўтавай канцэлярыі. Больш яскрава пачалі праяўляцца элементы характэрныя тагачаснай размоўнай мове Валыні і паўднёвай Беларусі. У часы Казімера Ягайлавіча (1440-1492) гэтыя элементы яшчэ больш выразна пачалі выступаць. У справаводстве гэтага князя ўжо сфармаваўся даволі аднародны тып кніжнай мовы, тут ужо добра заўважаюцца ўплывы размоўнай мовы паўночнай Валыні і паўднёвай Беларусі. Гэтая кніжная мова была і ў часы Аляксандра (1492-1506) і Жыгімонта Старога (1506-1548). Важную ролю тут выконвала размоўная мова Берасцейска-Новагародскай смугі. Мабыць, адтуль паходзіла большасць пісараў.
       Пазней, ад паловы XVI ст. (часы Жыгімонта Аўгуста), кніжная мова зноў вельмі змянілася. Было ўжо меней азнак традыцыйнай стараславянскай мовы. Зніклі таксама моўныя асаблівасці ўласцівыя паўночнай Валыні і паўднёвай Беларусі. Замацаваліся моўныя рысы характэрныя для цэнтральнай Беларусі, гзн. для тых цэнтральных абшараў Вялікага Княства Літоўскага, якія гравітавалі ў бок Вільні. І ўжо тады кніжная мова значна “збеларусела”, хоць, праўда, адрознівалася ад варыянтаў кніжнай мовы здаўна ўжываных у Полацку, Віцебску і Смаленску. Менавіта на гэтай “збеларушанай” мове напісана было найбольш пісьмовых помнікаў. Уздзейнічала на яе вельмі моцна польская мова, якая тады ўваходзіла ў вышэйшыя слаі літоўскіх феадалаў і паволі выцясняла традыцыйную славянскую мову з публічнага ўжытку. У 1697 г. польская мова была юрыдычна замацавана як афіцыйная мова Рэчы Паспалітай (Літоўска-Польскай дзяржавы). Але дакументы, пісаныя на старой славянскай мове, можна напаткаць нават у другой палове XVIІІ ст.
       Славянскую мову справаводства ВКЛ, пра якую ідзе гаворка, нельга цалкам атаясамліваць ані з тагачаснай украінскай, ані пазней з беларускай мовай. У ёй да самага канца захаваліся пэўныя элементы прынесенай стараславянскай кніжнай мовы. Тымчасам бадай да самага канца не з’явіліся ў ёй найбольш характэрныя для беларускай мовы асаблівасці: аканне і дзеканне/цеканне, калі не ўлічваць рэдкіх ды выпадковых наяўнасцяў, якія паказваюць, што ў тыя часы сапраўды гэтыя асаблівасці ўжо былі [ў гутарковай мове]. Яна таксама яскрава адрозніваецца і ад таго варыянта кніжнае мовы, якая ўжывалася ў Вялікім Княстве Маскоўскім, дзе яна была ў вялікай ступені змешаная з элементамі мясцовай (вялікарускай) мовы, паўставала на аснове размоўнай мовы гэтае краіны. Адрознымі былі не толькі моўныя (асабліва лексічныя) асаблівасці, але і манеры пісьма, асабліва хуткапісання, а нават форма і звычаі спісвання актаў. Усё гэта паказвае, што славянская канцэлярная мова Літоўскай дзяржавы прайшла доўгі і адмысловы шлях развіцця, фармавалася інакш, чым у іншых краінах.
       Літоўскія вяльможы ды дзяржаўныя вярхі гэту канцэлярную мову пачалі з цягам часу ўспрымаць як сваю. На ёй стваралася высокая літаратура. На ёй пісаліся кнігі дзяржаўных актаў і выконваліся розныя юрыдычныя запісы, з якіх з цягам часу паўстаў вялізны архіў, так званая Літоўская метрыка. Гэта надзвычай важныя крыніцы інфармацыі аб мінуўшчыне не толькі этнаграфічнай Літвы, але і Беларусі, і Украіны. Крыніцы гэтыя абымаюць перыяд ад Вітаўта да падзення Літоўска-Польскай дзяржавы (зацеміць трэба, што пазнейшыя дакументы пісаліся па-польску). На жаль, да нашых дзён не захавалася ўся Літоўская метрыка.
       Пачаткова яна знаходзілася ў Вільні. Напрыканцы XVІ ст. былі зробленыя копіі. У другой палове XVІІІ ст. Літоўская метрыка апынулася ў Варшаве, а пасля паўстання Т.Касцюшкі яе перавезлі ў Пецярбург, а пазней у Маскву, дзе і дагэтуль знаходзіцца ў 622 тамах.
       Літоўская метрыка – гэта добра ўпарадкаваны архіў, якога не мелі многія краіны тагачаснай Еўропы. Гісторыкі актыўна выкарыстоўваюць матэрыялы гэтага архіву, але толькі нязначная частка дакументаў апублікавана, хоць ёсць памкненне апублікаваць усё.
       На кніжнай мове ВКЛ быў створаны судзебнік Літоўскай дзяржавы, гзн. найважнейшыя законы, своеасаблівая канстытуцыя, дзе былі спісаны правы і прывілеі пануючага саслоўя. Варта згадаць пра судзебік Казімера Ягайлавіча (1468). У XVІ ст. быў падрыхтаваны вельмі важны дакумент з гэтай галіны – Літоўскі статут, які тры разы выдаваўся: у 1529, 1566 і 1588 гадах (два першыя выданні былі ў рукапісах, трэцяе было надрукавана). І тут трэба адзначыць, што ў тыя часы няшмат дзяржаваў мела такія судзебнікі, яны сталі паўсюднымі толькі ў другой палове XVІІІ ст. Літоўскі статут – гэта вялікі помнік заканадаўства, якому не было роўных у тагачаснай Еўропе. У Літве гэты статут дзейнічаў да 1840 г.
       На мове, пра якую гаворым, былі створаныя першыя працы гістарычнага характару – летапісы, якія змяшчалі народную і дзяржаўную ідэалогію Літвы. Гісторыкі высветлілі, што найстарэйшыя з іх былі створаныя напрыканцы XІV ст., якія былі пазней пераробленыя і дапоўнены. З цягам часу з’явіліся больш ёмістыя зводы і паасобныя выданні. Захавалася блізу 30 копіяў і фрагментаў. Сваім зместам і спосабам укладвання яны значна адрозніваліся ад летапісаў, якія пісаліся ў Вялікім Княстве Маскоўскім.
       У гэтую мову, асабліва ў пазнейшым яе варыянт, патрапіла шмат літоўскіх словаў. Не ўсе яны зарэгістраваны, бо дагэтуль няшмат дакументаў даследавана. Найболей літуанізмаў выявіў К.Яблонскіс, які напісаў адмысловую працу: Літоўскія словы ў кніжнай мове старой Літвы (Каўнас, 1941, ч. 1, тэксты). У гэтай працы зарэгістравана 299 літуанізмаў, знойдзеных не толькі ў дакументах спісаных на канцэлярнай славянскай мове, але і ў польскіх, а нават лацінскіх і нямецкіх. Гэтыя літуанізмы выклікалі шырокае зацікаўленне навукоўцаў, іх спіс быў папоўнены і ўдакладнены. Варта тут пералічыць працы А. Непакупнага, А. Булыкі, А. Вежбоўскага, Г. Гурскай, Л. Бяднарчука, З. Івінскіса, В. Урбуціса і інш. Хоць даследаванне ўсцяж не закончана, ужо цяпер можна зрабіць прыблізную ўяву аб уплыве літоўскай мовы на канцэлярную мову Літвы. Дзеля ілюстрацыі, падамо некалькі літуанізмаў – юрыдычных тэрмінаў: велдомы, ад veldamas, гзн. 'селянін падараваны вялікім князем баяру або якому-небудзь чыноўніку', текунъ – 'чыноўнік у сяле, які абвяшчаў волю гаспадара або пана' (ад tekūnas: tekėti – бегчы), жибентаи – 'дворскі чыноўнік, наглядчык за ліхтарамі і качагар' (ад žibintojas: žibinti [свяціць]), рыкунья, 'жанчына, якая займаецца жывёлай і жывёлагадоўчымі прадуктамі, rykūnia' (пар. rykauti – 'уладкоўваць, гаспадарыць, парадкаваць'), дякло – 'зярновая павіннасць, падатак, дзякло' (ад dėklas: dėti [класці] – вельмі папулярны юрыдычны тэрмін), коиминецъ – 'селянін або былы ваеннапалонны, які не жыве на баяравым двары, але які на пэўных ўмовах трымае свой маёнтак ва ўладаннях баяра' (пар. kaimynas [сусед]).
       Відавочна, ужыванне чужой мовы ў якасці кніжнай не перашкаджаля літоўскай эліце застацца літоўцамі1, не замінала іх нацыянальнаму пачуццю. Нярэдка гісторыкі (асабліва польскія) заяўляюць аб уяўным “абрусенні” літоўскіх вярхоў, але гэткае цверджанне не можа лічыцца верагодным (аб абрусенні можна гаварыць толькі ў выпадку тых, хто пасяліўся на ўсходніх землях). Мова ж гэтая была толькі кніжнай, падобна як лацінская ў Польшчы, тымчасам не будзем жа казаць, што праз ужыванне лацінскай мовы ў якасці канцэлярнай польскія эліты раманізаваліся ці страцілі сваю нацыянальную адметнасць. Гэтак і літоўскія вяльможы, нягледзячы на славянамоўнае справаводства, засталіся літоўцамі, ганарыліся сваім паходжаннем, узвышалі Літоўскую дзяржаву.
       Канцэлярную мову ў Літве людзі афіцыйна называлі рускай мовай2, гэтак як і славянскія землі, прытрымліваючыся традыцыі, якая цягнецца з часоў даўняй Кіеўскай Русі, называлі рускімі. У Вялікім Княстве Маскоўскім гэту мову называлі літоўскай, успрымалі яе як чужую і з яе перакладалі на сваю мову. У сучаснай навуковай літаратуры стасуюцца розныя тэрміны на азначэнне канцэлярнай мовы Літвы, напр. заходнеруская, старабеларуская, літоўска-руская, славянская канцэлярная мова ВКЛ ігд. Гэта паказвае, што знайсці трапны назоў даволі складана. Патрэбен такі тэрмін, які абымаў бы ўсе фазы развіцця славянскай канцэлярнай мовы ў літоўскай дзяржаве. Таму мабыць найбольш дакладна яе істоту і функцыю аддасць тэрмін: канцэлярная славянская мова Літоўскай дзяржавы (=Вялікага Княства Літоўскага), бо гэтая мова створана была для патрэб канцэлярыі гэтай дзяржавы і знікла тады, калі для гэтай канцэлярыі яна не была патрэбна, бо была заменена польскаю мовай.

Зацемы

       1 У тыя часы жыхароў Літоўскай дзяржавы называлі літоўцамі, але па меры змяншэння тэрыторыі, змянялася і паняцце “літоўца”. Аднак у свядомасці шырокіх слаёў насельніцтва яшчэ доўга існавала гэтая назва, напр. не толькі жыхароў Полацка, Віцебска, Магілева, Кіева, але і жыхароў Смаленска называлі “літоўцамі”. На поўначы і на ўсходзе ўжываўся тэрмін литовцы, на паўднёвым захадзе, асабліва на захад ад р. Горынь – литвины або литваки. Водгукі гэтае назвы існавалі доўга, а дзе-нідзе нават і да нашых дзён. У Расеі ў XVIII ст. литвин значыў не толькі “літовец”, але і “беларус”, а для А. Пушкіна, нават “паляк”. На ўсходняй Украіне (напр. ля Паўтавы) “ліцвінамі” называлі жыхароў, якія жылі ўздоўж Дзісны і гаварылі па-беларуску. А. Непакупны ў 1967 г. запісаў у Шэйпічах (Пружанскі р-н, Берасцейская вобл.) цверджанне людзей, што “ліцвіны” насяляюць раёны Ваўкавыска, Слоніма, Баранавічаў, Горадні (Непокупный А. П. Балто-северословянские язьковне связи. Киев, 1976, с. 154).
       2 Гэта і спрычыняецца да тэрміналагічнае блытаніны, бо гэту мову трэба адрозніваць ад расейскай (вялікарускай), якая тады паўставала ў Вялікім Княстве Маскоўскім, паволі вызваляючыся з-пад уплываў стара- (-царкоўна-) -славянскай мовы. Г. Хабургаеў пра тэрмін рускі ды руская мова піша: “История этнонима русский указывает на то, что одно и то же обозначение в разные периоды истории восточных славян связано с разными обозначениями: русский до XIV в. и русский после XIV в. – это наименование разных народов (и языков), связанных между собой исторической преемственностью, но ни в коем случае не представляющих один народ (или язык) на разных этапах развития” (Хабургаев Г. А. Становление русского языка, М., 1980, с. 15).

1993 m. rugsėjo 28-30 d. įvykusios Vilniuje tarptautinės konferencijos "Lietuva - Ukraina: istorija, politologija, kultūrologija" medžiaga = Матеріали міжнародної наукової конференції: "Литва – Україна: історія, політологія, культурологія", що відбулася у Вільнюсі 28-30 вересня 1993 р. / упорядкувала і перекладала Надія Непорожня. Вільнюс, 1995, с. 12–19.

       Пераклаў з літоўскае мовы – Пётр Рудкоўскі ОП

       

Back Письменность и языки     Замки Литвы Next    

 
Гісторыя
Уводзіны
Храналогія
Крыніцы
Эпоха вікінгаў
Вытокі дзяржавы
Вялікія князі
Грамадства
Уводзіны
Сацыяльныя пласты
Дзяржаўны лад
Ваеннае майстэрства
Рэлігія
Пісьменства і мовы
Замкі
Уводзіны
Замак Варута
Гісторыя
Навіны
Справаздачы з даследаванняў
Артыкулы
Паэзія
Драўляныя замкі
Каменныя замкі
Спадчына ВКЛ
Уводзіны
Артыкулы
Карты
Дыскусіі
 
Аб аўтары сайта
Біяграфія
Кантакты
 
 
 
Падпішыцеся ў кнізе гасцей: