Search 1 Billion Names - Newtab2

Lithuanian  Lietuviškai   English  English  
Сярэднявечная Літва
СПАДЧЫНА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЛІТВЫ

 


Валеры Пазнякоў

У ПОШУКАХ БЕЛАЙ РУСI

Б е л ы  А л е с ь. Хронiка “Белай Русi”. Нарыс гiсторыi адной геаграфiчнай назвы. Мiнск, 2000.

       Праца Алеся Белага - гэта сапраўды хронiка, летапiс таго, як у розныя часы ў розных аўтараў гучала найменне нашай Бацькаўшчыны i што пад iм разумелi.
       Вытокi “Белай Русi” даследчык бачыць у лацiнскiм тэрмiне “Албанiя” (нешта накштальт “белая зямля”), якiм у сярэднявеччы пазначалi не толькi адпаведную краiну на Каўказе, вядомую яшчэ антычным аўтарам, але i землi вышэй яе аж да Паўночнага акiяна. У XIII стагоддзi заходнiя аўтары ўжо адносна добра ведалi пра гэтыя землi - паўночную Русь, а менавiта тут жыў фiна-вугорскi народ вепсы, па-старажытнаруску “весь”. Гэтае iмя для нямецкага вуха было вельмi падобным да слова “белы” (“вайс”). Адсюль тэрмiн “Белая Русь” - у першасным значэннi землi Гаспадзiна Вялiкага Ноўгарада. Са стратай Вялiкiм Ноўгарадам незалежнасцi (канец XV стагоддзя) еўрапейцы перанеслi назву “Белая Русь” на Маскоўскую дзяржаву. Белую Русь пачынаюць лакалiзаваць i ў Паўночным Прычарнамор'i. З 1501 года ўжо i ў афiцыйных дакументах Вялiкага Княства Лiтоўскага пачынае ўжывацца назва “Белая Русь” як другое найменне Маскоўшчыны. Толькi ў 1507 годзе “Белая Русь” упершыню дапасавана да часткi сучаснай Беларусi: так на карце Беневентана - Вапоўскага пазначана Старадубскае княства. У 1555 годзе польскi гiсторык Марцiн Кромер першы свядома ўжыў назву “Белая Русь” да значнай часткi ВКЛ. У 1562 годзе “Белая Русь” вынесена ў загаловак карты. Важная дата ў храналогii “Белай Русi” - 1570-я гады, калi так пачалi трывала называць паўночна-заходнюю частку ВКЛ, акупаваную царом Iванам Жахлiвым. У 1582 годзе славуты гiсторык Мацей Стрыйкоўскi першы ўжыў этнонiм “беларусы”. У 1621 годзе “Белая Русь” пачынае згадвацца ў маскоўскiх афiцыйных дакументах, а з 1627 года - у афiцыйных дакументах Рэчы Паспалiтай (як частка Вялiкага Княства Лiтоўскага). З 1650-х гадоў Белую Русь пачалi адлюстроўваць на еўрапейскiх картах у межах Полацкага ваяводства, а з 1720-х гадоў еўрапейцы адмовiлiся ад атаясамлiвання Белай Русi з Рускай дзяржавай. У 1890-я гады назва “Белая Русь” (“Белоруссия”) распаўсюджваецца на ўсю беларускую этнiчную тэрыторыю. Вось галоўныя вехi з хронiкi “Белай Русi”, якiя ўсталяваў Алесь Белы. Амаль кожная з iх - сапраўднае навуковае адкрыццё. Увогуле, аўтар сабраў такi вялiзны фактычны матэрыял, што на засваенне яго [269] iншымi даследчыкамi “альбарутэнiкi” патрэбны працяглы час.
       Але той матэрыял можна папоўнiць. Алесь Белы змясцiў адмысловы раздзел “Дзе яшчэ шукаць Белую Русь”, у якiм акрэслiў найбольш перспектыўныя комплексы крынiц для будучых пошукаў. На жаль, яны не надта даступныя для беларускiх навукоўцаў. Але шукаць трэба.
       Аўтар лiчыць, што сапраўднае навуковае даследаванне гiсторыi назвы “Белая Русь” толькi пачынаецца. З гэтым можна пагадзiцца i не пагадзiцца адначасова. Не дужа верыцца, што ў блiжэйшыя гады хто-небудзь пераўзыдзе Алеся Белага ў назапашваннi матэрыялу пра “Белую Русь”, на падставе якога будзе напiсана новая кнiга пра гэтае найменне. Хутчэй крытыкi “Хронiкi” на подставе ўжо сабранага аўтарам матэрыялу будуць выпрабоўваць на трываласць яго пабудову. Цi будзе гэта навуковым даследаваннем? Прынамсi, дзеля гэтага створаны сапраўды навуковы падмурак.
       Пэўныя моманты “Хронiкi”, канечне, спрэчныя ад пачатку, бо сярэднявечная дакументацыя, на погляд сучасных гiсторыкаў, заўжды грашыла лапiдарнасцю, недагаворнасцю. Вось i першае упамiнанне Белай Русi з Дублiнскага рукапiсу. Быццам тая зямля ляжыць побач з тэрыторыяй карэлаў, як разумее Алесь Белы, але дакладнай прывязкi ўсё ж няма. Так, упамiнаецца адзiн каталiцкi мiсiянер з дзiўным славянскiм iмем Вайслан, якi прапаведваў на Белай Русi. Можа, i сапраўды, як мяркуюць iншыя, то была нашая зямля, бо таварыш мiсiянера, аўтар паведамлення, дзейнiчаў менавiта на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Другое ўпамiнанне Белай Русi (1382) бясспрэчна лакалiзуе яе ў нашых межах, бо называе Полацк яе горадам. Алесь Белы прымае гэтае паведамленне як аўтэнтычнае, але адкiдвае яго як не вартае ўвагi, гэта - “хутчэй выпадковасць”.
       Калi працягнуць крытыку тэзы аўтара пра “наўгародска-вепскае” паходжанне наймення “Белая Русь”, то варта звярнуць увагу на цiкавую акалiчнась. Шмат якiя аўтары да XV стагоддзя размяшчалi “Белую Русь” (i блiзкiя назвы) па суседстве з легендарнай краiнай амазонак (або краiнай жанчын). Тую цяпер лакалiзуюць у паўночнай Прыбалтыцы, у Фiнляндыi. Але ёсць яшчэ адзiн варыянт размяшчэння. Амазонiя - адно з найменняў у сярэднявечных географаў, i даволi распаўсюджанае, краiны мазаўшан, Мазоўша, Мазовii. Гэтаму атаясамлiванню паспрыяла блiзкасць двух слоў. А па суседстве з Амазонiяй-Мазовiяй ляжыць менавiта цяперашняя Беларусь, зусiм не Наўгародская Русь. Гэты сюжэт варты дадатковага даследавання.
       Алесь Белы слушна падкрэслiвае сувязь тэрмiна “Белая Русь” з царкоўнымi праблемамi [270] XIII-XVII стагоддзяў i знаходзiць таму тлумачэнне. На Захадзе рост цiкавасцi да Русi ўвогуле i Белай Русi ў прыватнасцi назiраўся ў асноўным тады, калi ўзнiкалi спадзяваннi на яе хуткi пераход у каталiцтва. Думаецца, сувязь тапонiма “Белая Русь” з царкоунымi справамi больш глыбокая. Яна ў тым, што Русь (i Белая Русь) - гэта не толькi тапонiм, але ў пэўным асяроддзi iншая назва праваслаўнай веры. Таму ў мiжканфесыйных спрэчках i ўнутраных справах хрысцiянскiх канфесiй назва “Белая Русь” не толькi знайшла сваё месца, але нават адбiлася ў найменнi царкоўных адмiнiстрацыйных адзiнак. Самая старажытная сярод такiх - усходняя архiдыяканiя Вiленскага бiскупства. Заснаваная пасля 1619 года архiдыяканiя звалася Беларускай. Алесь Белы прыводзiць звесткi, што такое найменне iснавала ўжо ў 1634 годзе. Дату можна яшчэ больш састарыць, бо ў рэляцыi вiленскага бiскупа Астафiя Валовiча ў Рым у 1625 годзе ўжо прыгадваецца “archidiaconatus Albae Russiae”. А рэляцыя 1651 года называе дату заснаванiя той архiдыяканii - 1623 год. Увогуле рэляцыi бiскупаў ВКЛ у Рым даюць цiкавы матэрыял для гiсторыi тапанiмiкi (яны апублiкаваныя ў 1971 годзе ў Рыме пад назвай “Relationes status dioecesium in magno ducatu Lithuaniae”). Так, у рэляцыi 1733 года чытаем, што Вiленскае бiскупства абдымае частку Белай, частку Чорнай Русi, частку Падляшша, Палесся (Бересцейшчына i Пiншчына належалi Луцкаму бiскупству). Тое ж было паўторана ў рэляцыях 1741 i 1746 гадаў. Гэтыя звесткi пра Белую i Чорную Русь у межах ВКЛ пераклiкаюцца з рэляцыяй папскага нунцыя ў Рэчы Паспалiтай, што датуецца 1622 годам. Звяртае на сябе ўвагу тая акалiчнасць, што атаясамлiванне Чорнай Русi з нейкiмi землямi сучаснай Беларусi паходзiць з рымска-каталiцкага касцёлу. Цiкава, як абшар Вiленскай дыяцэзii вызначаў вiленскi бiскуп у 1754 годзе. Яна, паводле ягоных слоў, абдымае ўсю Лiтву i Белую Лiтоўскую Русь, лiтеральна Белую Русь Лiтвы (“totam Lituaniam ac Albam Lituaniae Russiam”). Апошняя назва пераклiкаецца з “лiтоўскiмi беларусамi” Мацея Стрыйкоўскага (1582). Яшчэ адно вельмi цiкавае паведамленне належыць Пятру Скаргу. Славуты езуiт пiсаў у 1582 годзе да правiнцыяла ордэна Яна Паўла Кампана: “Нясвiж аддалены ад Вiльнi на 28, ад Полацка на 40 мiляў, размешчаны ў самым цэнтры Новагародскай зямлi ў самым цэнтры Новагародскай зямлi на Белай Русi, званай Ламбардыяй лiтоўскай, урадлiвай i люднай...”. Гэта цi не першае абазначэнне “Белай Руссю” заходнiх зямель сучаснай Беларусi.
       Наконт паходжання назвы “Чорная Русь” Алесь Белы далучыўся да тых, хто лiчыць гэтае найменне цалкам штучным, [271] утвораным у супроцьвагу “Белай Русi” (i наўрад цi раней за XIV стагоддзе). У значнай ступенi храналагiчныя высновы аўтара грунтуюцца на часовых суадносiнах першага ўпамiнання Белай Русi (сярэдзiна XIII стагоддзя) i Чорнай (каля 1360 года). Важная роля ва ўсiх, дарэчы, храналагiчных пабудовах належыць менавiта першай згадцы Белай Русi, гэта i зразумела, бо яна - першая. Але звернем увагу i на суб'ектыўны бок успрымання першай пiсьмовай фiксацыi наймення. Нечаканае адкрыццё славутага Дублiнскага рукапiсу адбылося параўнальна нядаўна. Уявiм, што пра яго яшчэ не вядома. Што маем? Першае ўпамiнанне iдзе пра Чорную Русь, i толькi другое - пра Белую, прычым у дачыненнi да Полацка. Узнiкаюць сумненнi, цi магла з'явiцца навуковая канцэпцыя Алеся Белага пры такiх зыходных дадзеных. Магчыма, будуць адкрыты яшчэ ранейшыя пiсьмовыя згадкi пра Белую i Чорную Русь, невядома, у якой паслядоўнасцi i ў дачыненнi да якiх зямель.
       Так што ранейшыя даследчыкi мелi права казаць пра быццам больш ранняе паходжанне “Чорнай Русi” ў параўнаннi з “Белай” i яе лакалiзацыю на захадзе сучаснай Беларусi. Зыходзiлi яны найперш з загадкавага ўпамiнання зямлi Кiрсновii на абшарах яцвягаў у прускай хронiцы пад 1283 год. Адсюль выводзiлася iмя племенi - кiрснова, у аснове якога бачылi корань “кiрснан” - па-старажытнапруску “чорны”. Да таго, у яцвягаў багата гiдранiмаў з “чорнай” асновай (прыгадайма раку Чорнае Ганьча, дзе сканцэнтраваныя археалагiчныя помнiкi яцвягаў). Праўда, сувязь з “Чорнай Руссю” застаецца вельмi гiпатэтычнай. Затое метадалагiчна такая сувязь нагадвае скарыстаную Алесем Белым мадэль пошуку вытокаў наймення “Белая Русь” ад народа, назва якога нейкiм чынам пераклiкаецца са словам “белы”. У дачыненнi да трэцяга складнiка “рускага” трыкалора - “Чырвонай Русi” - пошукi старажытнага “чырвонага” народу дасюль плёну не даюць. Пашыраная гiпотэза пра сувязь Чырвонай Русi з летапiснымi “Чэрвенскiмi градамi” Х стагоддзя застаецца вельмi слабой пабудовай. Iдучы такiм шляхам, можна звязаць “Чырвоную Русь” з старажытнай назвай Заходняй Дзвiны, вядомай грэкам як Рубон (улiчваючы старажытнарымскае ruber - “чырвоны”). Апошняя прапанова можа патлумачыць тую акалiчнасць, што сярэднявечныя географы менавiта Чырвоную Русь лакалiзавалi на этнiчных беларускiх абшарах.
       Вось некаторыя з тых думак, што выклiканы “Хронiкай Белай Русi”. Даследаванне Алеся Белага надоўга застанецца цэнтрам “альбарутэнiкi”, вакол якога будуць роiцца iншыя прапановы, гiпотэзы, меркаваннi...

       (Полымя. 2001. № 11. С. 268-271.)
       Страницы оригинала указаны в тексте, на пример - [269].


Back Артыкулы     Карты Next    

 
Гісторыя
Уводзіны
Храналогія
Крыніцы
Эпоха вікінгаў
Вытокі дзяржавы
Вялікія князі
Грамадства
Уводзіны
Сацыяльныя пласты
Дзяржаўны лад
Ваеннае майстэрства
Рэлігія
Пісьменства і мовы
Замкі
Уводзіны
Замак Варута
Гісторыя
Навіны
Справаздачы з даследаванняў
Артыкулы
Паэзія
Драўляныя замкі
Каменныя замкі
Спадчына ВКЛ
Уводзіны
Артыкулы
Карты
Дыскусіі
 
Аб аўтары сайта
Біяграфія
Кантакты
 
 
 
Падпішыцеся ў кнізе гасцей:
 
 
     Search 700 Million Names at Ancestry.com!