Search 1 Billion Names - Newtab2

Lithuanian  Lietuviškai   English  English  
Сярэднявечная Літва
СПАДЧЫНА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЛІТВЫ

 


Хронiка Белай Русi
Нарыс гiсторыi адной геаграфiчнай назвы

Заключэнне. Дзесяць тэзiсаў пра Белую Русь

       1. Гiсторыя назвы Белая Русь не з'яўляецца чыста беларускiм (у сучасным разуменнi) феноменам. Гэтая назва на працягу стагоддзяў не была прывязаная да якога-небудзь аднаго рэгiёну, але жыла ў пэўным сэнсе "самастойным" жыццём. Але Белая Русь у Вялiкiм Ноўгарадзе, у Маскоўскай дзяржаве, у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм i г.д. - не розныя паняццi, якiя паходзяць з абсалютна розных крынiц i толькi выпадкова супадаюць па форме, а розныя праекцыi аднаго геаграфічнага тэрміна. Яго "кар'ера" - выдатная iлюстрацыя да шляху, пройдзенага еўрапейскай геаграфiяй сярэднявечча i ранняга Новага часу ад чыста разумовага апiсання розных, часта фантастычных, краiн i народаў, да дакладнай навукi. Назва Белая Русь - унiкальны помнiк еўрапейскай (можна ўдакладніць: лацінскай) культуры, якi ў пэўным сэнсе можна параўнаць з Домскiмi саборамi ў Кёльне цi Мiлане. Яе пачатак губляецца недзе ў гатычнай эпоcе, а канчатковае ўдакладненне сэнсу адбылося ўжо ў перыяд мадэрна. І кожнае стагоддзе нешта змяняла цi дадавала ў яе тлумачэнне. Глыбокае веданне гісторыі назвы дазваляе крыху змякчыць праблему, якая на працягу стагоддзя стаiць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху: ці магчыма ўжываць назву Белая Русь, калі яна гэтак доўга выкарыстоўвалася "вялікарускімі" шавіністамі для абгрунтавання тэзіса пра "адвечную трыеднасць" усходніх славянаў - зразумела, пад уладай "белага рускага цара"? Высвятляецца, што гэтая назва, хаця і навязаная краіне звонку, пры іншым прачытанні можа засведчыць лучнасць яе гістарычнага лёсу з лёсам еўрапейскай цывілізацыі.
       2. Звесткi Тацiшчава пра першапачатковы сэнс назвы (Уладзiмiра-Суздальская Русь) не пацвярджаюцца нiводнай аўтэнтычнай крынiцай i найверагодней сфальсiфiкаваныя iм самiм. Не маюць нiякiх падстаў i iншыя тлумачэннi, якiя [184] так цi iнакш грунтуюцца на нiбыта ўсходнеславянскiх вытоках назвы. У са-праўднасцi ж, напрыклад, Ноўгарад, Пскоў i Полацк не складалi такога адзiнства, як "крывiцкiя землi паўночнае Беларусi" цi "вольная частка Русi, тэрыторыя грэчаскага праваслаўя". Нiколi Russia Alba не ўжывалася для абазначэння сукупнасцi гэтых трох дзяржаўных цэнтраў (прынамсі, самімі ўсходнімі славянамі) - гэтаксама нi для малаакрэсленай "супольнасцi" Масквы i Смаленска, нi для паўночна-ўсходняй Русi. У апошнiм значэннi яна не магла ўжывацца хаця б таму, што да апошняй чвэрцi XV ст. для значнай часткi рускiх земляў - Ноўгарада, Пскова, Цверы, Вяткi - iснавалi i альтэрнатывы таму шляху развiцця, якi ім навязвала Масква. Поўным анахранiзмам у гiстарычным кантэксце XV ст. выглядае "Московско-Hовгоpодская Русь... умопостигаемая, великая, "Вся Русь" в её цеpковно-национальном понимании"596. "Вялiкай Русi" - Вялiкаросii не iснавала, пакуль яе гвалтам не стварыў Іван III, чые карнiкi i летапiсцы старанна вынiшчылi ўсе гiстарычныя прыкметы адметнасцi далучаных земляў. Гэта не азначае, што ў XV ст. не было iдэi адзiнства ўсходнiх славянаў, але яе ўвасабленнем была проста назва "Русь": яна злучала не толькi Маскву, Цвер i Ноўгарад, але i "рускiя" землi ў складзе Польшчы i ВКЛ. Белая Русь была тоеснай Вялiкай толькi ў той ступенi, у якой апошняя адпавядала Вялiкаму Ноўгараду.
       3. Узнікненне тэрмiна Russia Alba і яго замацаванне ў сярэднявечнай геаграфiчнай наменклатуры, хутчэй за ўсё, звязанае з памылковымi ўяўленнямi схаластаў пра Албанiю, якая "мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меацiйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў" (Барталамей Англiйскi). Гэтая Албанiя - кантамiнацыя Албанii антычных i раннесярэднявечных аўтараў (у першую чаргу Ісiдора Севiльскага), Аланii продкаў сучасных асецiнаў i паўночнай "Албанii" вепсаў-вiцаў. Пачаткова [185] Russia Alba магла азначаць "частку Русi, якая калiсьцi была Албанiяй", цi "краiну, якую калiсьцi насялялi албаны". Нельга выключыць, што спалучэнне Белая Русь склалася ўжо ў асяроддзi русi - шматэтнiчнай супольнасцi ваяроў, пераважна скандынаўскiх, як абазначэнне апанаванай iмi протадзяржавы ў "краiне Вiсу" з цэнтрамi на Ладазе i на Белым возеры. Першай гiстарычнай крынiцай, згадваючай албанаў (Albani - Wizzi) у значэннi, блiзкiм да таго, у якiм, як правiла, пазней будуць ужываць тэрмiн Белая Русь, былi "Дзеi бiскупаў Гамбуpгскай цаpквы" (каля 1075) Адама Бpэменскага. Тэрмiн Белая Русь узнiк у мовах германскiх, адкуль трапiў у сярэднявечную лацiну, задоўга да таго, як быў засвоены славянскiмi мовамi.
       4. У залежнасцi ад таго, дзе той цi iншы аўтар змяшчаў "албанаў", краiну Russia Alba шукалi цi ў цяперашнiм расiйскiм Абазёр'i, цi (значна радзей) над Донам. Паўночная ("цысрыфейская") Russia Alba ў вузкiм сэнсе адпавядала частцы Наўгародскай рэспублiкі (раёну колiшняга рассялення вепсаў); у шырокім - усяму Вялiкаму Ноўгараду, часта разам з Псковам, якi да Болатаўскага дагавору (каля 1348) быў ягоным васалам, i з некаторымi суседнiмi землямi, каланізаванымі наў-гародцамі - Вяткай, Перм'ю, Югорскай зямлёй. Паколькi "цысрыфейская" лакалiзацыя была асноўнай, першапачатковай, яна i пакiнула найбольш слядоў у дакументах i на картах XIII-XVI ст. i пратрывала да пачатку XVIII ст. Russia Alba над Донам, цi "трансрыфейская", фiксуецца з апошняй чвэрцi XV ст. (пачынаючы з твораў Пампонія Лэта, Матэа Баярда і Генрыха Мартэла), у перыяд бурнага развiцця еўрапейскай геаграфii i картаграфii. Яна генетычна звязаная з такiмi аказіяналізмамi еўрапейскай картаграфіі, як Albania Tanai - Russhia Tanai. Паняцце аб ёй склалася пад уплывам схаластычных уяўленняў аб Каўказскай Албанii i вобласцi Albania Superior, якую Бэкан змяшчаў у вяpхоўях Дона, i аб жыўшых калiсьцi над Донам раксаланах - быццам бы продках усходнiх [186] славянаў. Іншыя аўтары, якія ў розны час звязвалі пахо-джанне назвы з "белымі куманамі", "белымі скіфамі", "белымі сарматамі", таксама лакалізоўвалі яе ў Паўночным Прычарнамор'і. Але ў сапраўднасці можна казаць не пра агульнае паходжанне ўсіх гэтых назваў, уключаючы Белую Русь, а толькі пра спробу некаторых аўтараў узвесці паходжанне Белай Русi да антычнай эпохі. Прычым назвы "белыя скіфы" і "белыя сарматы" яўна створаныя штучна post factum, а існаванне "белых аланаў" можна дапусціць толькі гіпатэтычна. Адзіная назва з гэтага шэрагу, існаваўшая напэўна, - гэта "белыя куманы" (г.зн. полаўцы), аднак нічога не сведчыць пра якую-кольвечы этымалагічную сувязь паміж імі і Белай Руссю. Можна толькі прасачыць (на прыкладзе хронікі Мюгельна), як "белыя куманы" прычыніліся да "трансрыфейскай" лакалізацыі назвы, якая існавала ўжо даўно.
       Гэтая другая Russia Alba паслядоўна не аддзялялася ад першай, бо, паводле геагpафiчных уяўленняў Сяpэднявечча вытокi Дона-Танаiса знаходзiлiся далёка на поўначы, недзе побач з Ладажскiм возеpам. Таму назва лёгка пеpаходзiла з Паўночнага Пpычаpнамоp'я да Усходняй Пpыбалтыкi. Невядома нiводнай карты, дзе б фiгуравалi абедзве Белыя Русi. Гэта паказвае на другасны характар "трансрыфейскай" Russia Alba, якая была толькi адгалоскам першай. Па меpы таго, як pабiлася вiдавочным, што на Доне i ў Паўночнай Таўpыi, занятых татаpамi, вобласцi з такой назвай не можа iснаваць, "трансрыфейская" Белая Русь ва ўяўленнях еўрапейцаў адступала далей на поўнач, на Украiну i Севершчыну, паступова зліваючыся з паўночнай, а яна, у сваю чаргу, ссоўвалася на поўдзень.
       5. Самымі даўнiмі помнiкамі ўсходнеславянскага пахо-джання, якiя змяшчаюць звесткi пра Белую Русь, з'яўляюцца не ўяўныя граматы вялiкага князя маскоўскага Івана III да папаў рымскiх Паўла II цi Сiкста IV. Такiм трэба пры-знаць "Слово избpанное от святых писаний еже на латыню", створанае, праўдападобна, Пахомiем Лагафетам каля [187] 1461 г. i, магчыма, рэдагаванае на пачатку 1470-х г. Іван III (як i ягоны сын Васiль III) нiколi не прымаў тытула "вялiкага князя Белай Русi" i не ўводзiў тэрмiна Белая Русь для абазначэння Рускай дзяржавы. У XV-XVI стcт. гэты тэрмiн не быў вядомы ў Маскве якiм-кольвечы пластам грамадства, за выняткам жменькi адукаваных людзей, знаёмых з заходнееўрапейскай лiтаратурай. Аднак перанос назвы Russia Alba на Маскоўскую дзяржаву (у еўрапейскай традыцыi) сапраўды адбыўся ў часы Івана III. Гэты перанос, зафiксаваны толькi iншаземцамi - iтальянцамi (Джанбатыста Вольпе, Джакома Мафэi дэ Вальтэpа, Амброджа Кантарынi), магчыма, сербам Пахомiем Лагафетам і інш., быў выклiканы ўваходжаннем у 1471-1478 г. у склад Вялiкага княства Маскоўскага тэрыторыi Наўгародскай рэспублiкi - адзiнай часткi цяперашняй Расii, якая мела дагэтуль цесныя гандлёвыя i культурныя кантактам з захадам i поўначчу еўрапейскага кантынента. Таму ўжо вядомая еўрапейцам Белая Русь зрабiлася сiнонiмам малазнаёмай пакуль Масковii, што ўвяло ў зман пазнейшых даследчыкаў, якiя палiчылi гэтую назву спрадвечнай для ўсёй "Маскоўска-Наўгародскай" Русi.
       6. Замацаванню ў еўрапейскай традыцыі тэрмiна Russia Alba ў якасцi сiнонiма Масковii паспрыяла таксама выкарыстанне панегiрыстамi маскоўскага вялiкакняжацкага дому эпiтэта "белы" ў значэннi "вялiкi", "высакародны". Наколькі можна меркаваць, ён дастасоўваўся імі выключна да асобы маскоўскага манаpха i нiколi - да Масквы як дзяpжавы. Памылку еўрапейцаў XVI ст. (Герберштайна, Стрыйкоўскага i Гваньінi), якія змяшалі гэтыя розныя паняцці, у XVIII-XX ст. паўтаралi амаль усе даследчыкi, якiя спрабавалi высветлiць этымалогiю Белай Русi. Разам з некрытычным падыходам да паведамленняў Тацiшчава пра "белую" Уладзiмiра-Суздальскую Русь гэта стала галоўнай прычынай таго, што вытокi назвы дагэтуль шукаюць на "рускiх" землях, а не ў заходнееўрапейскай навуковай і лiтаратурнай традыцыi.
       [188] 7. Назву Белая Русь пачалі трывала дастасоўваць да часткi тэрыторыi сучаснай Беларусi, перш за ўсё да Полаччыны, у сярэдзiне XVI ст. Чарговае пераасэнсаванне назвы было абумоўленае палiтычнымi абставiнамi Лiвонскай вайны, у першую чаргу - знаходжаннем Полацка пад маскоўскай акупацыяй у 1563-1578 г. Верагодна, некаторы час тэрмiн, якi ўжо губляў сваё пачатковае значэнне ("краiна Вiсу" - "Албанiя" - Вялiкi Ноўгарад) i апынуўся як бы ў "падвешаным" стане, ужываўся як агульная назва земляў, вяртання якiх Рэчы Паспалiтай патрабавала польска-лiтоўскае грамадства. Частка iх (quae Magno Ducatui Lituaniae adjacet subjacetque) была толькi кагадзе захопленая Маскоўскай дзяржавай, а астатнiя былi страчаныя ВКЛ у 1486-1537 г. Да таго ж аўтары разнастайных гiсторыка-геаграфiчных кампiляцый, што складалiся ў Заходняй Еўропе без глыбокага вывучэння прадмета, змешвалi звесткi аб заваяваннi Ноўгарада Іванам III (Ioannes Moschorum dux subacto Novogrado Magno) i захопе Полацка Іванам IV у 1563 г.
       8. У значэннi Русь Лiтоўская тэрмiн Белая Русь спачатку ўжывалi або iншаземцы (Кромер, Гваньiнi) або ўраджэнцы ВКЛ - прадстаўнiкi адукаваных пластоў грамадства "заходняй" арыентацыi (С. Рысiнскi, фpанцысканы з Ашмянаў). Засваенне яго "паспалітымі" ўсходнiмi славянамi адбылося на пачатку XVII ст. Толькi з гэтага часу Белая Русь трапляе з твораў польскiх гiсторыкаў i публiцыстаў у мясцовыя летапiсы i хронiкi: "Хpонiку Лiтоўскую i Жамойцкую", Густынскi летапiс ды iнш. Пашырэнне яе вядомасцi ў афiцыйных колах Маскоўскай дзяржавы i ў праваслаўнага насельнiцтва Рэчы Паспалiтай пачалося амаль адначасова. Назва Белая Русь адразу ж набыла выразную iдэалагiчную афарбоўку: яе асноўным зместам на доўгiя стагоддзi зрабiлася iдэя аб'яднання (а пазней - захавання) усiх "рускiх" земляў пад уладай Масквы.
       9. Падзел на Белую, Чорную i Чырвоную Русь у агульнапрынятым цяпер выглядзе выснаваўся не раней за другую [189] палову XVII ст. i нi ў якiм разе не можа лiчыцца спадчынай уласна славянскiх уяўленняў аб чляненнi Русi. Чорная Русь нiколi не была аўтэнтычнай назвай Верхняга Панямоння, як i Белая - Падзвiння i Прыдняпроўя. З усiх трох "каляровых" тэрмінаў першым з'явiлася менавiта Белая Русь. Антытэза Белая - Чорная ў дачыненнi да Русi была доўгi час раўна-значнай антытэзе Верхняя - Нiжняя цi "паўночная" - "паўднёвая", Vladimiria - Kiovia, Вялiкая - Малая. Тэрміны Чырвоная і Чорная Русь узніклі амаль адначасова i працяглы час "канкуравалі" за "права" аба-значаць адны i тыя ж тэрыторыi. Менавiта Чырвонай лiчылi ў XV-XVI ст. тую частку Русi, якая ўваходзiла ў склад ВКЛ - задоўга да таго, як яе пачнуць называць Руссю Белай.
       10. У расiйскiх афiцыйных дакументах 1640-х-1650-х г. у склад Белай Русi ўкраiнскiя тэрыторыi ўключалi часцей, чым беларускiя, а тэрмiнам "белоруское письмо" абазначалi ўсю сукупнасць графiчных i лексiчных асаблiвасцяў, якiя адрознiвалi т.зв. "заходнерускую" пiсьмовую мову ад уласна рускай. Пашырэнню арэала харонiма Белая Русь (у яго новым значэннi) на Украiну спрыяла ранейшае ўжыванне гэтай назвы да ўкраiнскiх тэрыторый (гл. п. 4). Аднак назвы "Украiна" ды "Малая Русь" хутка выцеснiлi Белую Русь з ужытку ў гэтым значэннi. Белая Русь у значэннi "Расiйская дзяржава" сустракаецца на некаторых еўрапейскiх картах нават у XVIII ст., але ўсё радзей. З канца XVII - пачатку XVIII ст. можна казаць пра стабiлiзацыю геаграфiчнай прывязкi разглядаемай назвы: яна канчаткова замацавалася за часткай земляў ВКЛ, здаўна называных Руссю (у вузкiм сэнсе), у адрозненне ад уласна Лiтвы. Такi стан рэчаў у асноўным захаваўся да канца XIX ст., калi на ўздыме нацыянальнага руху - але і пад яўным уплывам "заходнерусізму" - Белая Русь пачала выкарыстоўвацца як назва ўсёй краiны, якая з цягам часу стане незалежнай Рэспублiкай Беларусь.


       596 Соловьев А. Великая, Малая и Белая Русь [// Вопросы истории. 1947. № 7]. С. 34.


[190]
Храналагічная табліца

       VII-ХIII ст. У еўрапейскай схаластычнай традыцыі фармуецца ўяўленне пра Албанію, якая "ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меацiйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў"
       Каля 1255-1260 Incipiunt Descriptiones terrarum упершыню фіксуе назву Alba Russia (ў дачыненні да Наўгародскай рэспублікі)
       Каля 1360 Генрых фон Мюгельн упершыню згадвае Чорную Русь (daz land der Swarczen Reussen)
       1382 Ян з Чарнкова ўпершыню адносіць да Белай Русі Полацк (хутчэй за ўсё, выпадкова)
       каля 1420 Ульрых Рыхенталь упершыню згадвае Чырвоную Русь (rot Russen)
       1459 Белая Русь (Rossia Biancha) ўпершыню пазначаная на геаграфічнай карце (Mappamondo Фра Маўра)
       1461 Першая ўсходнеславянская звестка пра Белую Русь ("Слово избpанное от святых писаний еже на латыню")
       1463 Упершыню зафіксаваны тытул маскоўскіх вялікіх князёў Albus Imperator
       1472 Са стратай незалежнасці Ноўгарада еўрапейцы пераносяць назву Белая Русь на Маскоўскую дзяржаву
       1487-1489 Белая Русь упершыню лакалізуецца ў Паўночным Прычарнамор'і і Прыазоўі (паэма Матэа Баярда Orlando innamorato і каpта свету Генpыха Маpтэла)
       1501 Alba Russia як іншая назва Маскоўскай дзяржавы ўпершыню згаданая ў афіцыйных дакументах ВКЛ (інструкцыя пасольству Эразма Цёлка да папы Аляксандра VI)
       1507 Russia Alba на карце Беневентана-Вапоўскага ўпершыню закранае частку тэрыторыі сучаснай Беларусі (Старадубскае княства, якое ў 1500 адышло да Маскоўскай дзяржавы)
       1515 Russia Alba ўпершыню пазначаная на глобусе (Іагана Шонеpа)
       1542 Alba Russia згаданая на першай карце, створанай на тэрыторыi ВКЛ ("Масковiя, якую таксама называюць Русcю Белай") [191]
       1555 Марцiн Кромер першым свядома ўжывае назву Белая Русь у дачыненнi да значнай часткі ВКЛ
       1557 Першая спроба навачаснай "навуковай" этымалогіі. Сiгiзмунд Герберштайн выводзіць назву Белая Русь - Масковія ад спалучэння "белы рускі цар"
       1562 Белая Русь упершыню вынесеная ў загаловак каpты (Дж. Гастальды)
       канец 1570-х Назва Белая Русь трывала распаўсюджваецца на акупаваную з 1563 Іванам Жахлівым частку ВКЛ
       1582 Мацей Стpыйкоўскi пеpшым ужывае этнонім Bielorussacy Litewscy
       1586 Этнонім упершыню ўжыты як саманазва ўраджэнцам ВКЛ (Саламон Рысiнскi - Solomo Pantherus Leucorussus)
       каля 1591 Упершыню ў заходніх крыніцах назва Белая Русь сустракаецца ў славянскай перадачы (Bella Russia)
       1621 Белая Русь упершыню згаданая ў маскоўскіх афіцыйных дакументах
       1627 Белая Русь як частка ВКЛ упершыню згаданая ў афіцыйных дакументах Рэчы Паспалітай
       канец 1620-х Белая Русь уваходзіць у назвы царкоўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак у каталікоў і праваслаўных
       1655 Указ аб унясеннi Белай Русi ў тытул цара Аляксея Міхайлавіча
       канец 1650-х Белую Русь пачынаюць стабільна адлюстроўваць на еўрапейскіх картах у межах Полацкага ваяводства
       1708 Белая Руссия ўпершыню прадстаўленая на рускамоўнай карце
       1720-я Белая Русь знікае з еўрапейскіх карт у значэнні "Руская дзяржава"
       1890-я Назва Белоруссия распаўсюджваецца на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю
       1918 Абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі
       1991 Абвешчанне Рэспублікі Беларусь

       (Алесь Белы. Хронiка Белай Русi = Chronicon Russiae Albae : нарыс гiсторыi адной геаграфiчнай назвы. Мiнск: "Энцыклапедыкс", 2000. С. 183-191.)
       Страницы оригинала указаны в тексте, на пример - [184].


Рэцэнзія: Валеры Пазнякоў. У пошуках Белай Русi (2001)


Back Артыкулы     Карты Next    

 
Гісторыя
Уводзіны
Храналогія
Крыніцы
Эпоха вікінгаў
Вытокі дзяржавы
Вялікія князі
Грамадства
Уводзіны
Сацыяльныя пласты
Дзяржаўны лад
Ваеннае майстэрства
Рэлігія
Пісьменства і мовы
Замкі
Уводзіны
Замак Варута
Гісторыя
Навіны
Справаздачы з даследаванняў
Артыкулы
Паэзія
Драўляныя замкі
Каменныя замкі
Спадчына ВКЛ
Уводзіны
Артыкулы
Карты
Дыскусіі
 
Аб аўтары сайта
Біяграфія
Кантакты
 
 
 
Падпішыцеся ў кнізе гасцей:
 
 
     Search 700 Million Names at Ancestry.com!