Search 1 Billion Names - Newtab2

Lithuanian  Lietuviškai   English  English   Russian  По-русски  
Сярэднявечная Літва
ГІСТОРЫЯ СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЛІТВЫ

              Вытокі Літоўскай дзяржавы |  Меркавання |  Параўнальны аналіз


Георгі Навіцыян

Перадумовы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ў параўнанні з узаемадзеяннем Рыму і варвараў у I–VI стст.

       Беручыся за гэтую невялічкую работу, шаноўнаму чытачу давядзецца ізноў сутыкнуцца са спробай даследвання перадумоў утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Спробы такія ёсць справай доволі няўдзячнай. Паколькі тэма дадзеная распрацавана ў гістарычнай навуцы вельмі падрабязна і многія гісторыкі і людзі іншых заняткаў маюць на яе вельмі рэзка акрэслены пункт гледжання, любое новае выказванне звычайна асуджана на адзін з некалькіх варыянтаў лёсу. У адных выпадках яно проста праходзіць незаўважаным сярод безлічы іншых меркаванняў, у іншых – жорстка крытыкуецца з самых розных навуковых ці палітычных пазіцый. Тым не менш, пытанне ўтварэння ВКЛ ёсць невычарпальным нават само па сабе ў сілу сваёй складанасці і цікавасці. Калі ж улічыць, што яно ўтрымлівае ключ да разумення многіх наступных стагоддзяў гісторыі краін, што ўваходзілі ў яго склад, і нават іх суседзяў, то становяцца зразумелымі бясконцыя спробы гісторыкаў да асэнсавання гэтай тэмы. Таму папросім у чытача індульгенцыі за спробы прапанаваць яму разважанне над тым, што ён і сам, магчыма, рупліва вывучаў. Гэтая невялікая работа не з’яўляецца імкненнем зрабіць поўны аналіз паходжання і ўтварэння ВКЛ. Яна не прэтэндуе на абвяржэнне ці ўдасканаленне існуючых на гэты конт агульных тэорый. Яна толькі спрабуе прадставіць іншы вугал погляду на асобныя аспекты гэтага гістарычнага працэсу і дазволіць пабачыць добра вядомыя і грунтоўна даследваныя рэчы ў іншым адценні.
       Перш за ўсё, паколькі паводле нашага трывалага меркавання, гістарычны працэс у грамадстве развіваецца пераважна ў палітычных формах, мы пакінем убаку этнічныя і іншыя фактары працэсу як другасныя. Гэта дазволіць нам пазбавіцца многіх неістотных дэталяў, якія зацямняюць ход падзей, і засяродзіцца на агульных заканамернасцях, якія дапамогуць аднавіць вялікую панараму.
       Па-другое, ідучы ў рэчышчы палітычнай гісторыі, вызначымся з колам дзейных палітычных суб’ектаў. Пры гэтым мы выкарыстаем шырокі падыход і не будзем абмяжоўвацца рэгіёнам Панямоння, як калыскай ВКЛ. Нават у часы сярэднявечнай дробнасці маленькія ваяўнічыя дзяржавы ніколі не скаладаліся ў простую арыфметычную суму, а ў сукупнасці дзейнічалі як пэўная сістэма, хай сабе рыхлая і кепска струтктураваная. Таму падзеі ў Панямонні спараджаліся фактарамі, якія ўзнікалі далёка за межамі рэгіёну. Працэсы ж, якія там адбываліся, аказвалі далёкасяжны ўплыў. Адпаведна, мы будзем звяртаць увагу не толькі на Літву, Ятвязь, панямонскія старажытнарускія землі і Полацкае княства, але і на Смаленскую і Тураўскую землі, Валынь, Польшчу, крыжаносцаў у Падзвінні, падуладных Полацку ліваў, латгалаў і земгалаў. У якасці галоўных суб’ектаў працэсу мы вылучым з, так бы мовіць, балцкага боку Літву і Ятвязь, са старажытнарускага – Полацкую, Смаленскую, Тураўскую і Валынскую (разам з яе панямонскімі ўладаннямі) землі. Абмовімся асобна, што пералічаныя старажытнарускія землі мелі падобны палітычны і грамадскі лад і знаходзіліся ў параўнальным знешне- і ўнутрыпалітычным становішчы, што і прыцягнула іх да працэсу ўтварэння ВКЛ.
       Па-трэцяе, зыходзячы з пастулату аб цыклічнасці і паўтаральнасці гісторыі, мы будзем параўноўваць нашу сітуацыю з іншымі падобнымі працэсамі сусветнай гісторыі. Аналогіі з іншымі падзеямі дапамогуць нам лепей прасачыць логіку падзей і вылучыць заканамернасці сярод мноства фактаў. Асноўнай аналогіяй будзе параўнанне працэсу ўтварэння ВКЛ як узаемадзеяння старажытнай Русі і Літвы з узаемадзеяннем паміж Рымскай імперыяй і варварамі, якое прывяло да ўтварэння варварскіх каралеўстваў, што спалучалі ў сабе рымскія і германскія элементы.
       Па-чацвертае, мы не будзем кідацца ў вір падзей ХІІІ ст., у якіх ВКЛ і выкрышталізавалася. Паколькі нашай задачай ёсць даследванне перадумоў утварэння ВКЛ, то мы засяродзімся на падзеях ХІІ ст., якія гэтаму ўтварэнню і папярэднічалі. Даследуем карані, каб лепей разумець шаты. На першы погляд, гэта можа падацца дзіўнаватым. Гэта выглядае як дэтэктыў з ужо ўсім вядомым канцом, бо такія падзеі ХІІІ ст., як узвышэнне Міндоўга, барацьба з крыжакамі, паступовае праяўленне абрысу будучай Беларусі, дрэйф земляў Русі ў розныя бакі пасля ваенных катастроф сярэдзіны стагоддзя, даследчыкамі апісаныя вельмі падрабязна. Прыгледзеўшыся, мы заўважым, што падабенства да канчатку дэтэктыва сапраўды прысутнічае. Мы бачым герояў і ў асноўных рысах ведаем іх учынкі, але карані і матывы іх дзеянняў вядомыя слаба, бо захапіўшыся развязкай падзей, тыя, хто даследваў ХІІІ ст., нашмат менш увагі звярталі на іх завязку. Досыць часта робяцца спробы асэнсаваць найважнейшыя працэсы грамадскага развіцця ў ХІІІ ст. зыходзячы з семантычнага тлумачэння пэўнай фразы ў летапісе і звесці іх да механічнага набору асобных ваенных і палітычных падзей, якія так склаліся пэўным чынам, але пад уплывам выпадковых фактараў маглі скласціся цалкам адрозна, як шкельцы ў калейдаскопе. Гісторыя набывае выпадковы і суб'ектывізаваны характар, залежны ад адвольных учынкаў дзейных асоб і збегу абставін. Будучы аддаленымі на светлавыя гады ад гістарычнага дэтэрмінізму, мы усё ж мусім прызнаць, што падзеі ХІІ ст. ужо праторылі рэчышчы, у якіх персанажам ХІІІ ст. даводзілася дзейнічаць і да пэўнай ступені прадвызначылі лініі іх паводзін. Таму будзем ласкава прасіць чытача не крыўдаваць на нас за незавершанасць нашага дэтэктыва. Справа гэтая была зроблена яшчэ да нас і мы толькі спрабуем трошкі дапамагчы майстрам канчатку разабрацца з завязкай.
       Як мы і абяцалі, пачнем з палітычных працэсаў, якія мелі месца ў старажытнай Русі ў ХІІ ст. Асноўным працэсам у Полацкім княстве і Кіеўскай дзяржаве было іх драбленне на асобныя ўдзелы. Полаччына распалася на шэраг удзелаў. З Кіеўскай дзяржавы выдзяліліся Смаленская і Тураўская землі, з якіх у меншай ступені Смаленшчына і ў большай Тураўшчына таксама зведалі працэс драблення. З'ява гэтая адбывалася цалкам натуральна і нагадвала працэсы ў іншых краінах Еўропы. Развіццё дзяржаўнай інфраструктуры на прасторах Русі рабіла магчымым і мэтазгодным аўтаномію асобных земляў у супрацьвагу вялізным і няўклюдным раннесярэднявечным дзяржавам, якія страцілі эфектыўнасць і не адпавядалі запытам грамадства. Поспехі мясцовай гаспадаркі ў спалучэнні з яе натуральным характарам стваралі эканамічны падмурак самадастатковасці асобных земляў. Аб'ектыўныя памкненні земляў да самастойнасці знаходзілі прыхільную рэакцыю з боку князёў. Ранейшая сістэма часовага прызначэння князя для кіравання асобнай зямлёй з наступнай ратацыяй рабіла іх становішча вельмі нетрывалым і ненадзейным. Укняжанне ў асобнай зямлі і магчымасць перадачы свайго стала ў спадчыну значыла замацаванне іх статуса і задавальненне асабістых амбіцый. Спалучэнне аб'ектыўных патрэбнасцяў земляў і суб'ектыўных імкненняў князёў прывяло да распаду Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы і замацавання на мясцовых сталах асобных дынастый. Войны за адасабленне склалі значную частку падзей палітычнай гісторыі. На этапе заваявання самастойнасці ад сваіх былых цэнтраў (адпаведна, Полацку і Кіева) унутрыпалітычнае становішча розных полацкіх удзелаў, Смаленскай і Тураўскай земляў характарызаваліся супадзеннем інтарэсаў князя, мясцовай знаці і паспольства і адсутнасцю вялікіх канфліктаў паміж імі. Ваенныя акцыі звычайна праходзілі пры актыўным удзеле народнага апалчэння. У гэтай сувязі дастаткова прыгадаць мужную абарону Глебам Усяславічам Менску ад паўднёварускіх войскаў у 1104 і 1117 гг., якая не магла не ажыццяўляцца пры падтрымцы насельніцтва, народную падтрымку ваенных мерапрыемстваў Расціслава Мсціславіча Смаленскага ці сумеснае адстойванне Юр'ем Яраславічам і тураўцамі незалежнасці сваёй зямлі ў 1158 г.
       Але сітуацыя неўзабаве змянілася. Замацаванне асобных адгалінаванняў Рагвалодавічаў і Рурыкавічаў на мясцовых сталах прывяло да таго, што князі пачалі разглядаць свае землі як "вотчыны", то бок як нейкую дадзенасць, якой вольна было распараджацца паводле свайго жадання. Князі пераставалі разглядаць сябе як урадоўцаў, пастаўленых да ўлады са згоды паспольства зямлі дзеля абароны яе інтарэсаў. Дзяржаўны апарат у асобе князёў і іх дружын набываў самадастатковасць і пераследваў у першую чаргу свае ўласныя інтарэсы. Гэтая тэндэнцыя знайшла выражэнне ў бясконцых войнах паміж князямі з мэтай пераразмеркавання ўдзелаў, памнажэння сваёй магутнасці і ўплыву, набыцця матэрыяльных каштоўнасцяў. Міжкняская барацьба набыла пераважна дынастычную форму. Гэта значыць, змаганне ішло за інтарэсы княскіх сем'яў, а не земляў. Прэтэнзіі на той ці іншы стол грунтаваліся на прынцыпах старшынства ці спадчыннасці, абумоўленых не інтарэсамі зямлі, а асабістымі роднаснымі адносінамі паміж адгалінаваннямі княскіх родаў. Саюзы паміж князямі часта заключаліся ў форме дынастычных шлюбаў, што ізноў пры вызначэнні напрамкаў знешняй палітыкі прыводзіла да перавагі асабістых сувязяў над грамадскімі інтарэсамі. У выніку, палітыка на Русі набыла характар найскладанейшага хітраспляцення саюзаў і варожасці паміж шматлікімі адгалінаваннямі княскіх родаў. Другараднага канфлікту з-за перыферыйнага гораду магло быць дастаткова каб прывесці ў рух усю палітычную сістэму Русі з непрадказальнымі наступствамі.
       Важным фактарам, які дазваляў князям весці сваю палітыку такім адвольным і эгаістычным чынам, было набыццё імі пэўнай эканамічнай самастойнасці. ХІІ ст. было часам росту княскай "вотчыны" у вузкім сэнсе гэтага слова. Калі пад "вотчынай" у шырокім сэнсе разумелася ўся падуладная князю зямля, якой ён кіраваў па спадчыннаму прынцыпу, "вотчына" ў вузкім сэнсе зводзілася да дамена князя. Дамен быў княскай уласнасцю, а статус ягоных насельнікаў ужо насіў рысы асабістай залежнасці ад князя. Такім чынам, у дамене ўжо можна ўбачыць зародак феадальнай будовы грамадства, якая атрымала развіццё ў пазнейшыя стагоддзі.
       Існавалі розныя шляхі ўзнікнення княскага дамену і яго далейшага росту. Першапачатковы дамен, відаць, уяўляў сабой абшчынную зямлю, прадастаўленую князю дзеля пракорму яго і ягонай сям'і, як то было ў Смаленскай зямлі.1 Далей ён мог пашырацца як мірным, так і гвалтоўным шляхам. Першы шлях ішоў праз асваенне ці набыццё незанятых земляў, якіх пры невялікай шчыльнасці насельніцтва на Русі было шмат.2 Меншую, але таксама важную ролю адыгравала гвалтоўнае пашырэнне дамену, што таксама добра прасочваецца на прыкладзе Смаленскай зямлі. Адным спосабам гвалтоўнага пашырэння было прыўлашчванне князем заваяваных земляў. Значная частка даменіяльных уладанняў смаленскіх князёў знаходзілася ў землях паўночных радзімічаў, захопленых Расціславам Мсціславічам у чарнігаўскіх Ольгавічаў. Для замацавання гэтых земляў за сабой смаленскі князь заснаваў там гарады Мсціслаў (Мсціслаўль) і Рослаў (Расціслаўль).3 Як можна заключыць на падставе Статута Расціслава 1136 г., княскі дамен развіваўся і ў цэнтральнай частцы Смаленскай зямлі.4 Гэты працэс адбываўся ўжо іншым спосабам – спосабам гвалтоўнага падпарадкавання сабе вольных абшчыннікаў.5 Менавіта аб такіх дзеяннях кажа ў сваім пасланні мітрапаліт Клімент Смаляціч: "Да скажю ти сущих славы хотящих, иже прилагают дом к дому и села к селом, изгои же и сябры, и бърти, и пожни, ляда же и старины".6 Дамены пашыраліся і на іншых старажытнарускіх землях, аб чым кажа пажалаванне ўдавой Глеба Усяславіча Анастасіяй Яраполкаўнай Кіева-Пячэрскаму манастыру пяці сёл з людзьмі.7
       Маюць рацыю тыя даследчыкі, якія кажуць аб нязначнасці княскага землеўладання ў агульнай карціне грамадскага ладу Русі ХІІ ст. Усё ж, нават і на нязначнай ступені развіцця дамен быў у стане забяспечыць пэўную эканамічную самастойнасць князя ад знаці і паспольства падуладнай яму зямлі і праводзіць сваю палітыку без аглядкі на іх думку. Варта таксама кінуць хуткі позірк на прыроду даменіяльнай гаспадаркі і мэты, якім яна служыла. Высновы, да якіх пры вывучэнні гэтага пытання прыйшоў І. Фраянаў, будуць вельмі цікавымі для нас. Як высвятляецца, асноўнай галіной даменіяльнай гаспадаркі была жывёлагадоўля, і больш спецыфічна – конегадоўля, якая развівалася вельмі шпаркімі тэмпамі ў параўнанні з земляробствам. Як зазначае расійскі гісторык, "войны "бес перестани" патрабавалі зброі і коней".8 "Князям давялося заняцца конегадоўляй для ваенных патрэб". Выснова гэтая адкрывае нам сапраўднае значэнне развіцця княскага дамену ў ХІІ ст. і ўнёсак, які яно зрабіла ў палітычную і ваенную гісторыю. Дамен быў часткова народжаны вайной і для вайны ж і выкарыстоўваўся. Папросту кажучы, ўласная гаспадарка князёў стала іх своеасаблівым ваенна-прамысловым комплексам, які дазваляў ім эканамічна падтрымліваць свае ваенныя мерапрыемствы і пастаўляў ім некаторыя віды неабходных рэсурсаў, у прыватнасці баявых коней. З'яўленне і пашырэнне княскіх даменаў было адным з фактараў, якія далі князям магчымасць распачынаць войны на ўласны страх і рызыку. Нядзіўна, што гісторыя ХІІ ст. была насычанай вялікімі і малымі войнамі настолькі, што любы яе пераказ нязменна заблытвае нашчадкаў у гушчары падзей і робіць вельмі цяжкім адсочванне іх асноўных ліній.
       Тым часам, занятыя міжусобнымі войнамі і звадамі князі адарваліся ад сваіх земляў ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Набыўшы самастойнасць ад грамадства, яны ў той жа час сталі гэтаму грамадству менш патрэбнымі, але страта пачуцця рэчаіснасці не дазволіла ім гэта хутка зразумець. Калі ў ХІ ст. у сваіх памкненнях да стварэння завершанай і эфектыўнай сістэмы палітычнай арганізацыі грамадствы Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы звярталіся да князёў і дружын, то ў ХІІ ст. засяроджванне князёў на міжусобных войнах вымусіла грамадства асобных земляў да развіцця інстытуту самакіравання ў выглядзе адноўленага веча. Стары-новы палітычны інстытут, які чакаў князёў па іх вяртанні дадому з бясконцых войнаў, часта быў для іх непрыемным сюрпрызам. Не адзін князь зведаў на сабе цяжкую руку народнага прадстаўніцтва.
       Веча ХІІ ст. было спадкаемцам народных сходаў перыяду ваеннай дэмакратыі, але ўжо далёка не ўяўляла сабой сходу ўсіх вольных і узброеных мужчын дадзенага грамадства. Яно мела характар ужо не агульны, а прадстаўнічы. Тэрытарыяльная арганізацыя грамадства проста фізічна не дазваляла ўсім вольным абшчыннікам, раскіданым па вялізных абшарах, прымаць удзел у прыняцці рашэнняў. Фактычна абмеркаванне і вырашэнне надзённых спраў абмяжоўвалася насельніцтвам стольнага гораду зямлі, якому абавязаны была падпарадкоўвацца і іншыя гарады зямлі, званыя прыгарадамі. Больш за тое, даследванні паказваюць, што памер тых плошчаў, на якіх праводзіліся зборы веча ў рускіх гарадах, не дазваляў сабраць там нават і ўсіх мясцовых жыхароў. Гэта вядзе нас да думкі, што веча складалася толькі з прадстаўнікоў канцоў ці іншых тэрытарыяльных адзінак гораду, якія і мусілі выражаць волю агульнай масы грамадства. Іншым пытаннем было, наколькі яны гэтую волю сапраўды выражалі. Даследчыкі разыходзяцца ў ацэнках сацыяльнага характару веча, але мы выкажам асцярожнае меркаванне, што вечавыя прадстаўнікі ў асноўным паходзілі з верхніх слаёў грамадства. Гэта была земская знаць, якая вяла сваё паходжанне ад старой родавай невайсковай знаці, старэйшыя дружыннікі, якія па нейкіх прычынах разарвалі сувязі з княскай службай, а таксама ўзбагацелыя гандляры і рамеснікі. Калі мы маем рацыю, то веча мела характар да пэўнай ступені арыстакратычны. Веча было формай альтэрнатыўнай арганізацыі грамадства ў супрацьвагу княскай уладзе. Арыстакратычны ж яго характар яшчэ і ўзмацняў супярэчнасць з княскай уладай, што імкнулася да самаўладства. Аднаўленне веча дало магчымасць земскай знаці ўзяць рэванш за сваё паражэнне на досвітку дзяржаўнасці.
       Магчымасць была тым больш рэальнай, што інтарэсы большасці грамадства заўважна разыходзіліся з княскімі. Занятыя ўласнымі інтарэсамі князі хацелі ваяваць. Рэшта люду хацела мірна займацца ўласнай справай. Зазначым, што ўжо ў ХІ ст. індывідуальныя межы свету для чалавека звузіліся ў параўнанні з рамантычным перыядам ІХ – Х стст., калі жыхары, напрыклад, будучых беларускіх земляў хадзілі з ваяўнічымі нарманскімі конунгамі на Візантыю і Каспій. Пра ХІІ ст. мы можам сказаць, што свет з пункту гледжання асобнага чалавека сціснуўся яшчэ больш да памераў адной зямлі ці нават маленькага ўдзельнага княства. Развіццё натуральнай гаспадаркі дазваляла большасці насельніцтва забяспечваць сваё існаванне, не пакідаючы далёка родныя мясціны. Вядома, усюдыісныя гандляры па-ранейшаму везлі тавары ў дальнія краіны, але яны больш не бралі на сябе функцыі рабаўнікоў і заваёўнікаў, як тое было за нарманамі. Вайна шкодзіла і натуральнай гаспадарцы, і гандлю. Ваенныя дзеянні знішчалі вёскі і нівы. Палітычныя ўскладненні пагражалі гандлёвым аперацыям. У гэтым сэнсе паказальныя падзеі 1161 г. Выгнанне з Ноўгараду князя Святаслава Расціславіча штурхнула ягонага бацьку Расціслава Мсціславіча Смаленскага, які ў той час княжыў у Кіеве, на рэпрэсіі супраць наўгародскіх гасцей у адказ. "И повеле изоимати Новгородци и оуметати е оу Пересеченьскыи погребъ и въ одину ночь оумре ихъ 14 мужи".9 Можна ўявіць, наколькі натхняла купцоў да вядзення спраў перспектыва ў адну ноч нечакана сканаць у халодным склепе на чужой зямлі з-за недарэчных палітычных перыпетый!
       У веча, якое складалася з такіх гандляроў ці прадстаўляла іх, былі важкія падставы быць незадаволенымі бесперапыннымі княскімі войнамі. Між тым, нягледзячы на далейшую прафесіяналізацыю вайны, разлічваць на перамогі ў значных кампаніях сіламі адной толькі дружыны без удзелу народнага апалчэння князі не маглі. Адпаведна, яны мусілі перакладаць не толькі пасіўную, але і актыўную нагрузку вядзення ваенных дзеянняў на плечы шырокіх мас насельніцтва, што спараджала шматлікія канфлікты паміж князем і вечам. Вядома ж, многія з гэтых канфліктаў дыктаваліся прычынамі выключна ўнутранымі, але мы засяродзімся на тых, што былі выкліканыя знешнепалітычнымі нагодамі.
       Як тое адбывалася з многімі іншымі тэндэнцыямі гістарычнага развіцця, першай з земляў Русі гэтую сцяжыну выпрабавала Полацкая зямля. Пазнейшыя беларуска-літоўскія летапісы XVI ст. адносяць узнікненне моцнага веча на Полаччыне да часоў князя Барыса. "И пануючы ему в Полоцку был ласкав на подданные свои и дал им волность вечем ся судити и в звон звонити, и по тому ся справовати, як у Великом Новегороде и Пъскове".10 Звесткі гэтыя могуць мець рацыю, бо ў пэўнай ступені засноўваюцца на вуснай фальклёрнай традыцыі, якая магла данесці да нашчадкаў даволі дакладнае ўяўленне аб інстытуце народнага прадстаўніцтва. Першым зафіксаваным выпадкам канфлікту паміж полацкім князем і вечам былі ўжо вядомыя нам падзеі 1128 г., калі палачане "выгнаша" князя Давыда Усяславіча пад пагрозай наступаючых кіеўскіх войскаў. Нагодай для гэтага магла быць неразважлівая антыкіеўская палітыка Давыда, які не ўлічыў перавагу сіл Кіеўскай дзяржавы над Полацкам і такім чынам падставіў зямлю пад удар варожых войскаў.
       Наступным разам веча выявіла сваю незадаволенасць князем у 1151 г., калі палачане "яша… Рогъволода Борисовича князя своего и послаша Меньску". Рагвалод быў жанаты з дачкой Ізяслава Мсціславіча Кіеўскага, і менавіта ў 1151 г. княжанне апошняга апынулася пад пагрозай нашэсця Юр'я Даўгарукага і Святаслава Ольгавіча Чарнігаўскага. Такім чынам, адной з прычын падзення Рагвалода была яго невыгодная для Полацку знешнепалітычная лінія, арыентаваная на кіеўскіх Манамахавічаў.
       Падобны лёс чакаў і яго стрыечнага брата Расціслава Глебавіча Менскага, суперніка і пераемніка Рагвалода на полацкім стале. Абставіны страты ім полацкага княжання і роля ў іх ваеннага фактару заслугоўваюць асобнага разгляду. Як вядома, у 1158 г. у Полацку адбыўся мяцеж супраць Расціслава, які скончыўся яго ўцёкамі ў Менск і аднаўленнем на полацкім стале Рагвалода Барысавіча. Але летапіс не кажа, па якой прычыне палачане задумалі злое супраць Расціслава. Паспрабуем супаставіць мяцеж з іншымі тагачаснымі падзеямі полацкай гісторыі. У тым жа 1158 г. палачане ў складзе вялікай кааліцыі хадзілі ў паход на Тураў супраць Юр'я Яраславіча. Самая працяглая аблога ў гісторыі старажытнай Русі, якая цягнулася дзесяць тыдняў, скончылася нічым. Пачаўся мор сярод коняў і саюзнікам давялося разысціся па дамах. Пры апісанні гэтых падзей летапіс асабліва вылучае палачан, якія падзялілі дрэнную славу рабаўнікоў і марадзёраў з качэўнікамі-бярэндзічамі. Бярэндзічы паваявалі мясцовасць ля Пінску і забраліся за Прыпяць. "Полчане пришедше к Турову пожгоша села около его".11 Відаць, "подзвігі" іншых удзельнікаў паходу параўнацца з гэтым не маглі, бо летапіс пра іх не згадвае. Чаму ж менавіта палачане аказаліся найбольш жорсткім кантынгентам у саюзным войску? Адказ можа палягаць у тым простым меркаванні, што мэты паходу пасавалі ім менш за ўсіх іншых удзельнікаў. Полацкае княства не мела рэальных інтарэсаў на Тураўшчыне. Увесь паход мог ажыццяўляцца з мэтай пашырэння менскіх уладанняў Расціслава і Валадара Глебавічаў, якія межавалі з Тураўшчынай, альбо з надзеяй на ваенную здабычу, большая частка якой непазбежна дасталася бы таксама Расціславу. Для полацкага апалчэння ўдзел у гэтай авантуры сэнсу не меў. Наадварот, стаянне пад горадам на працягу 10 (!) тыдняў у эпоху, калі вынік гаспадарчага сезону і самае эканамічнае выжыванне люду часта залежалі ад кароткага прамежку часу, нанесла палачанам сур'ёзную шкоду, якую яшчэ ўскладніла і падзенне коней. Натуральна, што рабункам Тураўшчыны яны імкнуліся кампенсаваць свае страты і даць выйсце сваёй ярасці. Па вяртанні дадому ярасць гэтая звярнулася супраць Расціслава як завадатара ўсёй авантуры. Бессэнсоўны і няўдалы паход каштаваў князю стала.
       Падобныя з'явы бачым мы і ў Смаленскай зямлі, хаця веча было там заўважна слабейшым за полацкае і выйшла на палітычную арэну пазней. Першай яго праявай стала звяржэнне са смаленскага стала Яраполка Раманавіча ў 1174 г. і замена яго Мсціславам Расціславічам.12 Цікавай праявай нязгоды смалян з княскай палітыкай быў славуты бунт смаленскага войска ў 1185 г. супраць Давыда Расціславіча ля Трэполя ў паходзе дзеля абароны поўдня Русі ад полаўцаў. Падабенства паводзін войска да практыкі народнага самакіравання, як яно ажыццяўлялася ў самім Смаленску, падкрэсліваецца словамі летапісца аб тым, што "Смолняне же почаша вече деяти". Пажаданні смалян зводзіліся да патрэбы засяродзіцца на ўнутраных справах зямлі і іх незацікаўленасці ў паўднёварускіх справах, няхай сабе і такіх традыцыйна важных, як абарона Русі ад полаўцаў. "Мы дошли до Киева, даже бы была рать, билися быхом, нам ли иное рати искати, то не можем, оуже ся есмы изнемогле".13 Гучныя скаргі смалян дасягнулі княскага вуха і паход быў спынены. Як змяніўся час! У 1095 г. смаляне без асаблівых ваганняў далі вояў прышламу чарнігаўскаму князю Алегу Святаславічу для адваявання далёкай Мурамшчыны. Праз дзевяноста год яны ўзбунтаваліся супраць свайго спадчыннага князя, каб не ўдзельнічаць у абароне Русі ад полаўцаў, якая лічылася несумненным грамадзянскім і рэлігійным абавязкам для жыхароў былой Кіеўскай дзяржавы. Кантраст гэтага ўчынку смалян з ранейшым часам асабліва падкрэсліваецца тым фактам, што неабходнасць у іх далейшым руху на полаўцаў на паратунак Пераяслаўлю была выкліканая страшэнным паражэннем Ігара Святаславіча, якое зрабіла ашаламляльнае ўражанне на сучаснікаў. Аднак мясцовыя інтарэсы і антываенныя настроі для смалян пераважылі ўсе іншыя меркаванні.
       Нейкі сур'ёзны канфлікт паміж Давыдам Расціславічам і смаленскім вечам адбыўся ў 1186 г., калі "въстань бысть Смоленьске промежи князьмь Давыдомь и смолняны, и много головъ паде луцьшихъ муж".14 Невядома, ці мела гэтае супрацьстаянне цікавыя для нас ваенныя ці знешнепалітычныя карані, але праз дзесяць год смаляне дакладна выявілі незадавальненне ваеннымі прадпрыемствамі Давыда. У 1196 г. пасля прайгранай бітвы за Віцебск палонныя смаляне расказалі чарнігаўцам, што "братья их не добре с Давыдом".15 Як бачым, і смаляне праз веча як прадстаўнічы інстытут выказваліся на карысць засяроджвання на мясцовых справах і асцярожнай знешняй палітыкі, арыентаванай на захаванне бяспекі Смаленскай зямлі. Праз гэта яны ўступалі ў канфлікт з князямі, якія імкнуліся да агрэсіўнай і часам авантурнай знешняй палітыкі. Канфлікты гэтыя набывалі вострыя формы беспарадкаў і бунтаў, хаця такой вастрыні, як у Полацкай зямлі, у Смаленшчыне яны не дасягнулі.
       Такім чынам, становішча, якое склалася на землях Русі да канца ХІІ ст. можа быць ахарактарызавана як палітычны крызіс. Крызіс гэты быў выкліканы спадчынным замацаваннем княскіх дынастый на сталах асобных княстваў і земляў і правядзеннем імі своекарыслівай і агрэсіўнай дынастычнай знешняй палітыкі, якая ішла ўпоперак інтарэсаў земскай знаці і шырокіх слаёў грамадства. Такая палітыка ставіла пад пагрозу знешнюю небяспеку старажытнарускіх земляў і выклікала шматлікія ўнутраныя пратэсты. Неабходна сказаць, што крызіс гэты сам па сабе не насіў усеабдымнага характару і не пагражаў паралюшам усёй палітычнай сістэмы. Рачэй, ён меў "верхавінкавую" прыроду і зводзіўся да адрыва кіруючага ваенна-дружыннага слою на чале з князямі ад інтарэсаў паспольства і фактычнага правалу ў выкананні гэтым слоем сваіх функцый па абароне грамадства. У большай ступені крызісныя з'явы паразілі Полацкую зямлю, у меншай – Смаленскую і Тураўскую. Цяжка не пагадзіцца з выказаным на гэты конт меркаваннем В.Е. Данілевіча. "Міжкняская палітыка за ўвесь гэты перыяд можа быць ахарактарызавана як палітыка эгаізму; найпершы клопат кожнага князя заключаўся ў павялічэнні ўласных уладанняў, і ўсё прыносілася яму ў ахвяру: земскі мір, сваяцкія сувязі. […] Высылка ў Царград прымусіла Усяславічаў зразумець усю марнасць барацьбы з кіеўскімі князямі, і па вяртанні з высылкі яны адразу ж змянілі палітыку ў дачыненні да апошніх. Здавалася бы, што цяпер яны атрымалі поўную магчымасць зблізіцца з зямлёй і ўмацаваць сваё становішча, але яны і не падумалі пра гэта. Зразумеўшы сваё бяссілле і немагчымасць павялічваць свае ўладанні за кошт суседніх земляў, яны абмежавалі поле сваёй дзейнасці толькі Полацкай зямлёй, але затое цяпер яны напоўніцу выявілі сваю эгаістычную палітыку – імкненне любым коштам павялічыць свае ўладанні. […] Нягледзячы на тое, што змаганне вялося ў асноўным з дапамогай дружын, але зямля ад яго цярпела, а гэта выклікала ў земстве незадавальненне да князёў, якое яшчэ больш узрастала з-за таго, што Усяславічы пастаянна ўцягвалі ў свае ўнутраныя справы іншыя рускія землі. Імкненне да павялічэння ўладанняў даводзіла Усяславічаў да таго, што не даражылі нават прыхільнасцю паспольства да іх, а гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што насельніцтва Полацкай зямлі перастала даражыць сваімі князямі і звыкла да іх перамены пры найменшым незадавальненні імі".16
       Сапраўды, старажытнарускае грамадства імкнулася адужаць узніклы крызіс натуральным шляхам маніпуляцыі рознымі княскімі групоўкамі і адбору з іх найбольш эфектыўных і паспяховых у выкананні сваіх функцый. Пры іншых умовах гэты далёка не катастрафічны крызіс мог быць гэткім чынам поўнасцю пераадолены. Аднак сітуацыя была больш складанай з-за прысутнасці знешніх фактараў, якія скарачалі час, на працягу якога дадзеныя праблемы маглі быць вырашаныя толькі з прыцягненнем унутраных рэсурсаў. Ва ўмовах менавіта знешнепалітычнага паслаблення Полацкай зямлі і іншых старажытнарускіх земляў такім фактарам было з'яўленне на знешнепалітычнай арэне рэгіёну новых дзейных сіл: Літвы і крыжаносцаў.
       Літва ж і яцвягі ў гэты час таксама перажывалі пэўны знешнепалітычны крызіс. Пасля шэрагу гучных ваенных перамог над пскавічамі, лівамі і палачанамі ў 1180-я гг., яны сутыкнуліся з трывалым супраціўленнем рускіх земляў і пацярпелі шэраг паражэнняў у 1190-я гг. Літва парвала ланцугі данніцкай залежнасці ад Русі ў 1183 г., калі "бишася пльсковици съ Литвою, и много ся издея зла пльсковицемъ".17 Першая самастойная кампанія літоўцаў супраць Пскова, ажыццёўленая праз тэрыторыю Полацкай зямлі, былога гегемона Літвы, была пралогам для іх далейшых ваенных поспехаў. Каля 1185 г. надыйшла чарга і Полаччыны, па якой былыя полацкія даннікі прайшліся агнём і мечам, аб чым з сумам кажа "Слова пра паход Ігараў": "И Двина болотом течет оным грозным полочаном под кликом поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовскыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрълеными щиты на кроваве траве притрепан литовскыми мечи. Исхыти юна кров, а тьи рек: "Дружину твою, княже, птиць крилы приоде, а звери кровь полизаша". Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго – Всеволода. Един же изрони жемчюжну душу их храбра тела чрес злато ожерелие. Унылы голоси, пониче веселие, трубы трубят городенскии".18 Літоўцы не абмяжоўваліся нападамі на Русь. Зімой 1184 – 1185 гг. яны, "спустошыўшы Лівонію, вельмі многіх вывелі ў палон".19
       Неўзабаве, аднак, пераможнае шэсце балцкіх дружын па рускіх землях сустрэла перашкоды. Князі розных земляў незалежна адзін ад аднаго ацанілі літоўскую і яцвяжскую пагрозу належным чынам і прадпрынялі захады для яе спынення. Ачуняўшы ад паражэнняў, палачане ўжо ў 1191 г. заключылі саюз з Ноўгарадам і здзейснілі паход на Літву, аднавіўшы раўнавагу сіл. Літоўскую і яцвяжскую небяспеку добра ўсведамлялі і на поўдні. У 1190 г. у паход на Літву выправіўся Рурык Расціславіч Оўручскі, які "пошелъ на Литву и бысть в Пинески оу тещи своея и оу шюрьи своея, тогда бо бяше свадба Ярополча, и бсть тепло и стече снегъ и не лзе бо имъ доити земли ихъ и възвратишася въ свояси".20 У 1193 г. Рурык паўтарыў сваю спробу, але "Святослав же нелюбьемь рче емоу: "Брате и сватоу, ажь ты идешь из очины своея на свое ороудье, а язъ паки идоу за Днепръ своих деля ороудеи, а в Роускои земли кто ны ся останеть?"21
       Тое, што не ўдалося зрабіць Рурыку, ажыццявіў іншы рускі князь. Зімой 1196 – 1197 гг. валынскі князь Раман Мсціславіч рушыў на яцвягаў "отомьщиваться бяхоуть бо воевали волость его". "И тако Романъ вниде в землю ихъ они же могоучи стати противоу силе его и бежаша во свои тверди а Романъ пожегъ волость ихъ и отомъстився возвратися во свояси".22 Яшчэ раней Раманаў меч зведала Літва. Аб гэтых падзеях, якія адбываліся ў першай палове – сярэдзіне 1180-х гг., кажа "Слова пра паход Ігараў": "Многи страны – Хинова, Литва, Ятвязи, Деремела и Половци – сулици своя повъргоша, а главы своя подклониша под тыи мечи харалужныи".23 Але маштаб ягоных дзеянняў супраць балтаў быў нашмат большым, чым простая помста за набег. Раман цвяроза ацэньваў сур'ёзнасць пагрозы з боку ваяўнічых яцвягаў і Літвы. Таму ён не абмяжоўваў свае дзеянні ваеннымі акцыямі, але імкнуўся вырваць самыя карані набегаў і пазбавіць балтаў магчымасці наносіць шкоду яго землям. Валынскі князь выводзіў літоўцаў і яцвягаў у палон на землі Паўднёвай Русі і саджаў іх на зямлю, прымушаючы займацца сельскай гаспадаркай. Палонныя літоўцы былі пастаўлены ў становішча заложнікаў, а нівы іх былі гэтак жа адкрытыя для валынскіх войскаў, як валынскія – для літоўскіх і яцвяжскіх. Дзеянні валынскага гаспадара далі такі плён, што літоўская фальклёрная традыцыя захавала памяць аб аграрных эксперыментах Рамана на многія стагоддзі. У прыватнасці, храніст XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі (праўда, блытаючыся ў падзеях і прыпісваючы барацьбу з Літвой Раману Расціславічу Смаленскаму) перадае прымаўку, якая існавала сярод літоўцаў: "Рамане, Рамане! Ліхам сябе корміш, Літвою арэш!"24 Звесткі гэтыя пацвярджаюць і перапісчыкі Іпацьеўскага летапісу, характарызуючы Рамана, як чалавека, які "Литвою оравъ".25
       Русь была не адзіным бар'ерам на шляху літоўскіх і балцкіх набегаў. Не лепшым чынам склалася для яцвягаў сітуацыя на заходнім напрамку. У 1192 – 1193 гг. супраць іх выступіў польскі кароль Казімір Справядлівы. Цяпер яцвягі, ці, як іх называць польскія хронікі, "паляшане", "народ надзвычай жорсткі, жахлівейшы за любога лютага звера" і слаўны сваімі набегамі на суседзяў, мусілі цярпець спусташэнне сваёй зямлі польскім войскам. Перш за ўсё Казімір накіраваў свой удар на драгічынскага князя, саюзніка яцвягаў. "Замкнёны ў сценах гораду, які з'яўляецца сталіцай княства і называецца Драгічын, князь аказаўся настолькі ўціснуты нягодамі аблогі, што не толькі здаўся паводле закону, але і прыняў умовы вечнага рабства".26 Калі польскае войска ўварвалася затым у яцвяжскія землі, іх насельнікі пахаваліся ў самых цяжкадаступных месцах і не прымалі бітвы. Каб змусіць іх да пакорлівасці, "Жытлы іх Казімір знішчыў паходнямі, рассек ударамі дроцікаў і мячоў, і, пасля таго, як усё згарэла, найзнатнейшыя людзі ўсёй правінцыі паляшан з узнятымі рукамі і нахіленымі шыямі ўпалі да ног Казіміра, молячы пашкадаваць рэшткі радзімы і іх жыццё".27 Казімір атрымаў ад яцвягаў запэўненні ў пакорлівасці і абяцанні выплаты даніны і з перамогай вярнуўся дадому.
       Як бачым, нягледзячы на некалькі пераможных набегаў у 1180-я гг., поспехі літоўцаў і яцвягаў аказаліся нетрывалымі. Карыстаючыся нязгодамі паміж удзельнымі князямі, яны маглі спустошыць асобныя ўдзелы той ці іншай зямлі. Менавіта так адбылося з Полацкай зямлёй, калі неаказанне дапамогі з боку Брачыслава і Усевалада Васількавічаў прывяло да паражэння і гібелі іх брата Ізяслава. Разам з тым, сіл літоўцаў і яцвягаў відавочна не ставала, каб ажыццявіць паспяховы набег на Полаччыну ці Валынь, калі мясцовым князям удавалася пераадолець свае супярэчнасці і выступіць адзіным фронтам. Больш за тое, набегі правакавалі ўдары польскіх і рускіх правіцеляў у адказ, якія наносілі вялікую шкоду палітычнай магутнасці, эканоміцы і дэмаграфіі балцкіх земляў.
       Такі паварот падзей меў свае наступствы і для ўнутранага развіцця літоўскага і яцвяжскага грамадстваў. Сцверджанне Г. Лаўмяньскага аб тым, што станаўленне літоўскай дзяржаўнасці адбывалася выключна праз знешнюю экспансію,28 вядома ж, здаецца нам занадта катэгарычным. Як у апошнія гады даволі пераканаўча даводзяць літоўскія гісторыкі, карані літоўскай дзяржаўнасці трэба шукаць найперш ва ўнутраных працэсах, якія адбываліся ў літоўскім грамадстве. Аднак нельга адмаўляць і таго, што знешняя экспансія паслядоўна з унутранага развіцця вынікала і была яго натуральным працягам. Можна сказаць, што знешняя экспансія была адным са спосабаў існавання раннесярэднявечных дзяржаў і Літва не была тут выключэннем. Асабліва важнай экспансія была для кіруючага дружыннага слою, для якога вайна была асноўным заняткам. Вайна спрыяла нарошчванню дружынай палітычнай магутнасці, эканамічнага дабрабыту і ў рэшце рэшт замацоўвала набыццё ёй улады як першага элемента дзяржаўнасці. Таму заслон, які рускія землі паставілі на дарозе літоўскай экспансіі стаў той грэбляй, якая магла замарудзіць і працэсы ўнутранага развіцця ў Літве. Ваяўнічыя літоўскія дружыны маглі нанесці вялікія спусташэнні і шкоду Полаччыне, Пскоўшчыне ці Валыні, але не маглі прэтэндаваць на рэальную ўладу над імі. Наяўныя рэсурсы былі занадта малымі для дасягнення гэтай мэты. Калі Літва не магла адужаць Полаччыну і іншыя рускія землі ў сутыкненні наўпрост, то перад яе правадырамі стаяла задача знайсці іншае прыймальнае рэчышча для сваёй ваяўнічай энергіі.
       Паспрабуем акрэсліць шляхі выхаду з крызіснай сітуацыі, якія адкрываліся перад Полацкай зямлёй, Літвой і іншымі дзяржавамі рэгіёну. Найперш згадаем, што становішча, якое склалася, было далёка не унікальным у гісторыі. Аналы чалавецтва ведалі шмат выпадкаў суіснавання паміж развітымі дзяржавамі, якія мінулі зеніт сваёй магутнасці, і іх агрэсіўнымі суседзямі, якія толькі былі на досвітку сваёй дзяржаўнасці. Кароткі позірк на такія выпадкі дазволіць нам скарыстацца пэўнымі аналогіямі. У якасці аднаго з прыкладаў такога суіснавання можна прывесці адносіны паміж Рымскай імперыяй і суседнімі германскімі народамі. Як і любая аналогія, параўнанне паміж Рымам і германцамі з аднаго боку, і Полацкай зямлёй і Літвой з іншага, ёсць не вельмі дакладным. Крызіс Рыма і экспансія германцаў мелі пад сабой іншыя, уласцівыя свайму часу і абставінам прычыны. Але па-за дэталямі, агульная карціна ўзаемадзеяння развітай і магутнай, але заняпалай дзяржавы з маладымі і агрэсіўнымі народамі, мае дастатковае падабенства з прадметам нашага доследу і таму дазваляе правесці пэўныя паралелі.
       Падзеі гісторыі Рыма і германцаў выдатна задакументаваныя і даследваныя ў сусветнай гістарыяграфіі, таму спынімся на іх каротка. Пачынаючы з другой паловы ІІ ст., Рымская імперыя ўступіла ў эпоху палітычнага крызісу, што характарызаваўся жорсткай міжусобнай барацьбой прэтэндэнтаў на імператарскую ўладу, якія прадстаўлялі розныя рэгіянальныя, сацыяльныя і дынастычныя групоўкі. Вядзенне шматлікіх міжусобных і знешніх войнаў адбівалася ў росце вагі рымскіх армій ў палітычным жыцці імперыі. Пры гэтым мы не пойдзем супраць ісціны, калі ўжывем слова "армія" ў множным ліку. Прынцып добраахвотнай вербоўкі, упершыню ўведзены Гаем Марыем на мяжы ІІ і І стст. да н. э. прывёў да масавага прытоку ў войска маламаёмасных грамадзян, якія атрымлівалі плату за службу. Усё ў большай ступені такое войска было асабіста адданым свойму палкаводцу і матэрыяльна залежным ад яго, пры гэтым паступова трацячы сацыяльную сувязь з паспольствам. Таксама, такое войска часта станавілася асабістай арміяй таго ці іншага палкаводца і служыла яму вернай апорай у міжусобнай барацьбе.29 Упершыню гэтая з'ява праявілася ў грамадзянскіх войнах І ст. да н. э., а ў войнах І – ІІІ стст. яна стала асноўным фактарам, які вырашаў вынік палітычнай барацьбы. Перыяд другой трэці ІІІ ст. стаў вядомы пад назвай "эпохі салдацкіх імператараў" і адзначыўся бесперапыннымі і бессэнсоўнымі войнамі прэтэндэнтаў на рымскі стол з дапамогай падкантрольных ім армій. Разам з тым, рымскія арміі паступова трацілі эфектыўнасць у справе абароны імперыі ад знешніх ворагаў. Даследчыкі адзначаюць, што паслабленне Рыма перад знешняй пагрозай было выклікана не так крызісам унутранай арганізацыі, у чым імперыя якраз мела велізарную перавагу супраць сваімі варварскімі суседзямі, як палітычнымі прычынамі, а менавіта памяншэннем сацыяльнага базісу ўлады.30 Памяншэнне гэтае ў сваю чаргу вяло да ваеннай слабасці і выклікала патрэбу ў пошуку новых спосабаў вайсковай арганізацыі.
       Зніжэнне эфектыўнасці рымскай абароны ішло поруч з нарастаннем варварскай пагрозы на паўночнай мяжы імперыі, якая ішла па Рэйне і Дунаі. Пасля смерці ў 117 г. імператара Траяна, апошняга вялікага заваёўніка ў гісторыі Рыма, імперыя вымушана была перайсці да стратэгічнай абароны. Спакойныя дзесяцігоддзі ІІ ст. абарваліся з пачаткам у 166 г. Маркаманскай вайны з кааліцыяй германскіх і іншых плямён на Дунаі. Аднак пры ўсё шкодзе, якую яны наносілі рымскім правінцыям, і варварам не ўдавалася дабіцца вырашальнай перамогі над Рымскай імперыяй і прарваць іх умацаваную мяжу – лімес. Нягледзячы на страты, рымлянам пад камандаваннем імператара Марка Аўрэлія ўдалося стрымаць маркаманаў і іх саюзнікаў і мірам 180 г. адстаяць дунайскую мяжу.31 Нават у найзмрачнейшым для імперыі ІІІ ст. імператарам Галіену, Клаўдыю ІІ і Пробу ўдалося разбіць готаў, якія ў 230-я – 270-я гг. падобна бурлівай плыні каціліся па Балканах32 і сваімі марскімі набегамі апярэдзілі вікінгаў больш чым на 500 год. Такім чынам, і варварам, унутранае развіццё якіх штурхала іх на экспансію на прасторы Рымскай імперыі, даводзілася ў дадатак да набегаў шукаць больш дзейсныя формы гэтай экспансіі.
       Калі Рымскую імперыю немагчыма было скрушыць у прамым сутыкненні, многія варварскія правадыры і іх ваяры абіралі натуральную лінію паводзін і далучаліся да інстытутаў імперыі, у першую чаргу арміі. Па меры пашырэння імперыі патрэба ў вайсковай сіле расла, і горад Рым з Італіяй ужо не маглі пастаўляць дастатковую колькасць рэкрутаў. Ужо ў эпоху Рэспублікі многія легіёны набіраліся з правінцыялаў. Следам за правінцыяламі ў армію рушылі варвары. Працэс варварызацыі войска ўзмацніўся і ў сувязі з тым, што эканамічны росквіт імперыі ў І – ІІ стст. змяншаў у Італіі і правінцыях колькасць ахвотных да рызыкоўнай ваеннай службы. Перш, варвары ўліваліся ў рымскую легіённую арганізацыю паасобку, засвойвалі ўзоры рымскага ваеннага майстэрства і ўвогуле ўпісваліся ў вайсковую сістэму імперыі. З паступовым адставаннем гэтай сістэмы ад надзённых патрэб абароны дзяржавы, яна змянялася, засвойваючы менавіта варварскія ўзоры.33 Легіёны адыходзілі ў мінулае, а ім на змену на службу ў армію прымаліся цэлыя варварскія атрады.34 У канцы IV ст. сучаснікі папракалі імператара Грацыяна тым, што ён забыўся на старую рымскую доблесць і аддаваў перавагу найманым атрадам аланаў замест выпрабаваных легіёнаў.35 Распаўсюджанне атрымаў інстытут федэратаў – варварскіх плямён, якім было дазволена пасяліцца на рымскай тэрыторыі ў абмен на іх ваенную службу.
       Такое развіццё сітуацыі ў цяжкія для імперыі часы, калі ўнутраны палітычны крызіс дапаўняўся знешняй пагрозай з усіх бакоў, дало падставу тагачасным пісьменнікам і прамоўцам казаць аб тым, што варвары былі адзінымі, хто ўзняў зброю у абарону Рыма, калі самі рымляне адмовіліся гэта рабіць. У многіх войнах І – V стст. варварам, якія рушылі на імперыю пад сваімі баявымі значкамі, супрацьстаялі варвары пад рымскімі сцягамі. Найяскравейшым прыкладам гэтага было славутае пабаявішча на Каталаўнскіх палях у 452 г., дзе гуны, остготы і гепіды пад камандаваннем Атылы былі разбітыя вестготамі, франкамі, аланамі, бургундамі і саксамі пад камандаваннем “апошняга вялікага рымляніна” Аэцыя.36 Адыграўшы важную ролю ў абароне Рыма ад знешніх ворагаў, варвары да пэўнай ступені ахоўвалі і асабістыя правы і вольнасці рымлян ад уціску прагнілага ўраду і драпежных ваяўнічых узурпатараў, якія мала адрозніваліся ад знешніх ворагаў. Рымскія тэрыторыі пад патранатам асобных варварскіх правадыроў станавіліся своеасаблівымі выспамі вольнасці, дзе маглі знайсці прытулак роспачныя рымляне. Па словах пісьменніка V ст. Сальвіяна, "яны [уцекачы-рымляне] ідуць на службу да готаў ці бакаўдаў, ці да якіх-небудзь іншых варвараў, што пануюць паўсюль, і не каюцца ў сваім учынку". "Яны болей жадаюць жыць вольна, носячы імя рабоў, чым быць рабамі, захоўваючы адно толькі вольнае імя. Перш імя рымскага грамадзяніна высока цанілася і дорага куплялася; цяпер жа ад яго адмаўляюцца, бо яно зрабілася пагарджаным і агідным".37
       Далёка не ўсе рымляне, аднак, былі задаволеныя масавым пранікненнем варвараў у імперыю. "Ганебна для нас тое, што дзяржава наша, якая мае такое шматлікае насельніцтва, перадае гонар вядзення вайны іншаземцам, перамогі якіх няславяць нас нават у тым выпадку, калі яны нам прыносяць карысць", лямантаваў рытор IV – V стст. Сінесій.38 З ім быў згодны хрысціянскі паэт IV ст. Прудэнцый, які казаў што рымляне адрозніваюцца ад варвараў, як людзі ад быдла. Аднак альтэрнатывы ўзаемадзеянню двух элементаў ужо не было. Ва ўмовах унутранага крызісу, калі рымская эліта не толькі не была здольнай яго вырашыць, але сама ж была адной з яго прычын, адбываўся натуральны працэс яе выцяснення з палітычнага жыцця. Паточаныя знутры заганамі свайго грамадства і ўплеценыя ў павуцінне рэгіянальных і сацыяльных супярэчнасцяў, рымляне саступалі сваё месца энергічным homo novus’ам, псіхалагічна і сацыяльна мабільным выхадцам з варварскіх народаў, якія не баяліся ўносіць жыццядзейныя імпульсы ў застаялую імперскую палітыку. Яны хутка праходзілі шлях ад чужынца да носьбіта рымскай славы і ад простага легіянера да імператара. Такую кар’еру зрабіў ужо ў пачатку ІІІ ст. сын гота і аланкі Максімін Фракіец. Далей яе паўтарылі Філіп Араб, Галерый, Макісімін Дая, Магненцый і іншыя.39
       Але няправільна было б казаць, што Рым быў толькі статычным матэрыялам для творчых варвараў: мэтай для рабаўніцтва для варвараў варожых і кар’ерным полем для варвараў саюзных. Як грамадства непараўнальна больш развітае, Рым прапанаваў суседнім народам распрацаваную палітычную сістэму, высокаразвітую эканоміку, выкшталцоную культуру і заканадаўства. Фактычна, ён раскінуў перад варварамі гатовыя ўзоры, паводле якіх яны і маглі будаваць далей сваю цывілізацыю. Ужо Цэзар у І ст. да н. э. сваім хваткім позіркам заўважыў той уплыў, які аказваў Рым нават на тыя народы, якія яшчэ не былі яму падуладнымі: “Што ж датычыцца галаў, то блізкасць рымскіх правінцый садзейнічае развіццю ў іх дабрабыта і новых патрэбнасцяў”.40
       У выніку такога ўзаемадзеяння, уяўна падзеленыя дунайска-рэйнскай мяжой Рым і варвары на самой справе стварылі складаную дуалістычную мадэль суіснавання. Яшчэ да падзення Рымскай імперыі абодва элементы гэтай сістэмы залежалі адзін ад аднаго, аказвалі ўзаемны ўплыў і актыўна пераймалі дасягненні адзін у аднаго. Як заўважаюць А. Карсунскі і Р. Гюнтэр, "у рэшце рэшт пагадненне аказвалася непазбежным".41 Больш за тое, на думку Ф. Кардзіні гаворка ішла "аб доўгім і знясільваючым працэсе інфільтрацыі і асіміляцыі, узаемнага прыцягнення і адштурхоўвання”. “Рабіць адрозненне паміж "Раманіяй" і "Готыяй" мае сэнс хіба з пункту гледжання гістарыграфічнага тэарэтызавання. Што ж датычыцца гістарычных працэсаў, якія ахоплівалі перыяд V – VІ стст., як і той крыві, што цякла ў жылах галоўных дзейных асоб эпохі, то мае значэнне толькі адзін факт – новае аб'яднанне, сінтэз народаў, які з цягам часу прывядзе да стварэння новай цывілізацыі".42
       Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі ў V ст. гэта прывяло да стварэння на яе тэрыторыі так званых варварскіх каралеўстваў, якія спалучалі ў сваім дзяржаўным ладзе і вайсковай арганізацыі як рымскія, так і варварскія элементы. У найбольшай ступені рымска-варварскі дуалізм адлюстроўвалі Остгоцкае каралеўства ў Італіі і Вестгоцкае каралеўства ў Іспаніі і Галіі са сталіцай у Тулузе. Паколькі прычынай пранікнення варвараў у імперыю была яе ваенная слабасць, на рымскія земля яны прыходзілі ў якасці вайсковай сілы: альбо як абаронцы імперыі, альбо як яе заваёўнікі. Адпаведна, у такой дуалістычнай сістэме варварскі элемент непазбежна насіў вайсковы характар, пакінуўшы грамадзянскія сферы рымлянам. Варвары канчаткова выцяснілі няздольных выконваць свае функцыі рымлян у якасці палітычнай эліты і ваеннага слою. Пры гэтым яны ўсялякім чынам клапаціліся аб стварэнні трывалай лініі пераемнасці паміж імперскай дзяржаўнасцю і сваёй уладай. Остгоцкі кароль Тэадорых Вялікі (493 – 525 гг.) разглядаўся ўсходнерымскімі імператарамі як рымскі магістрат, якому ў кіраванне была перададзена асобная правінцыя.43 Сам ён не аспрэчваў гэтай прававой асновы сваёй улады нават на вяршыні магутнасці, а фактычна лічыў сябе пераемнікам заходнерымскага імператара. У яго вачах Італія заставалася res publica romana, якая супрацьстаяла варварскім народам.44 Таму, як адзначае Ф. Кантамін, "Тэадорых на законных падставах узначаліў рымскае войска, якое, праўда, складалася выключна з германцаў, бо рымляне былі выгнаныя адтуль".45 Усё ж, не трэба перавялічваць ступень знікнення рымскіх ваенных традыцый. Нягледзячы на пераважнае панаванне варвараў у войску, рымская вайсковая арганізацыя і ваеннае майстэрства праглядалі праз пазнейшыя наслаенні. Вядомы ў вестготаў, бургундаў і франкаў інстытут графа гораду, які спалучаў у сваёй асобе ваенную і грамадзянскую ўладу, меў як рымскія, так і варварскія карані. Захаваўся стары рымскі звычай выдачы грашовых падарункаў ваярам, да якога звярнуўся вестгоцкі кароль Аларых ІІ перад бітвай пры Вуе ў 507 г.46 Нарэшце, ёсць звесткі, якія падтрымліваюцца ці аспрэчваюцца рознымі гісторыкамі, аб існаванні яшчэ ў VІІ ст. у гарадах Італіі мясцовай міліцыі, якая магла паходзіць ад старой рымскай вайсковай арганізацыі.47
       У грамадзянскай сферы рымскія і варварскія элементы таксама суіснавалі, хаця ў сілу колькаснай перавагі рымскага насельніцтва ў Італіі і гала-рымскага ў Галіі, тут перавага належала рымскаму элементу. У Астгоцкім і Вестгоцкім каралеўствах рымляне займалі высокія пасады ў дзяржаўным апараце, а ў судаводстве захоўвала сілу рымскае права, якое аказала ўплыў і на развіццё германскага права.48
       Вынікам стала становішча, якое ў большай ці меншай ступені задавальняла абодва бакі. Паплечнік Тэадорыха Вялікага рымлянін Касіядор казаў: "Ведучы вайну, яны (готы – Г.Н.) абараняюць інтарэсы ўсяго грамадства. Яны бяруць на сябе ратную працу дзеля дабра ўсіх. Пакуль гоцкая армія ваюе, рымлянін можа жыць мірна".49 Варварскія каралі хутка ператварыліся з шукальнікаў славы ў дзяржаўных мужоў і пачалі дамагацца сваіх мэт і абараняць інтарэсы грамадства на толькі ваеннымі, але і мірнымі сродкамі, часам выяўляючы добрыя дыпламатычныя таленты. Спачатку іранічную усмешку, а затым захапленне выклікае чытанне працытаванага Касіядорам ліста Тэадорыха Вялікага да франкскага караля Кладавея, які ілюструе пераўтварэнне ліхога бадзяжнага правадыра варвараў у мудрага ўрадоўца: "Бог злучае каралёў святымі сувязямі дзеля таго, каб на іх міралюбівых адносінах засноўваць пажаданы спакой народаў. […] Каралі ўступаюць у сваяцтва дзеля таго, каб нацыі, падзеленыя паміж сабою, маглі мець адну волю, і каб праз гэтыя сувязі, як праваднікі згоды, аб'ядноўваліся думкі народаў".50 Гоцкія каралі запомніліся сучаснікам і нашчадкам не толькі як абаронцы сваіх краін, але і як падтрымальнікі ў іх унутранага парадку і працвітання, аб чым сведчыць ліст таго самага Тэадорыха да намесніка правінцыі Северыяна, у якім кароль патрабуе захаваць насельніцтва ад залішніх падаткаў і забяспечыць яму правы суд.51 Апафеозам пахвалы варварскаму каралеўству, у якім злучыліся рымская і варварская плыні, стала паэма гала-рымскага арыстакрата V ст. Сідонія Апалінарыя, у якой той апісвае двор вестгоцкага караля Эўрыка. Той самы Сідоній, які раней асуджаў саступку Арверна (сучасн. Клермон-Феран) готам як верны крок да занявольвання авернцаў, затым пісаў: "І ты, рымлянін, цячэш сюды, прасіць аб дапамозе, і працягваеш рукі да Эўрыка, каб супрацьпаставіць яго сілы фалангам скіфскіх краін, калі Вялікая Мядзведзіца пагражае табе збянтэжаннем. Так, адной прысутнасцю Марса, які пануе на гэтых берагах, магутная Гарона заступаецца за абмялелы Тыбр".52
       Вернемся цяпер з цёплых прастораў Італіі і Галіі ў панямонскія пушчы і зробім належныя высновы з нашага экскурсу ў гісторыю Рыма і варвараў, у які мы выправіліся зусім недарэмна. Мы ўжо адзначылі аналогію знешнепалітычных сітуацый паміж Рымам і германцамі з аднаго боку і Руссю (найперш Полацкай зямлёй) і Літвой з іншага. Калі прыгледзецца, то мы заўважым, што і развіццё сітуацыі ішло падобным чынам. Шчыльнае ўзаемадзеянне Полацкай зямлі і Літвы ў ХІІ ст. рухалася ў знешнепалітычным і ваенным рэчышчы і было выклікана крызісам кіравання на землях Русі, які ў Полацку дасягнуў наймацнейшай ступені. Тады як цывілізацыя Русі ў цэлым працягвала сваё паступальнае развіццё, сістэма яе палітычнага кіравання зайшла ў тупік. Крызісныя з'явы знайшлі сваё найяскравейшае развіццё ў знешнепалітычнай і ваеннай сферах. Занятыя бясконцымі звадамі паміж сабой і з іншымі князямі Русі, полацкія князі мелі пастаянную і пільную патрэбу ў вайсковай сіле. Між тым, вольнае насельніцтва Полаччыны ўсё ў меншай ступені было надзейнай крыніцай яе папаўнення. З эканамічнага пункту гледжання, поспехі эканомікі, развіццё вытворчасці і абмену рабілі людзей больш зацікаўленымі ў мірных занятках, чым у ваенных выправах. З пункту гледжання палітыкі, бессэнсоўныя дынастычныя спрэчкі князёў мелі мала дачынення да інтарэсаў простага люду і не знаходзілі водгуку ў яго сэрцах. Заклікі князёў да зброі выклікалі апатыю ці нават актыўнае супраціўленне, як гэта адбылося з палачанамі ў 1158 г. Нават спакайнейшая Смаленшчына зведала выпадкі супраціўлення насельніцтва ваеннай актыўнасці Давыда Расціславіча ў 1185 і 1196 гг. Цяжар вядзення вайны ўсё больш прыпадаў на прафесійных ваяроў – дружыннікаў. Аднак пры ўсёй прафесіяналізацыі ваеннай справы дружына была занадта малалікай і нязначнай для вядзення буйных кампаній. Узнікла патрэба ў сіле, якая кампенсавала бы змяншэнне апалчэння, што сціскалася нібы тая шагрэневая скура.
       У Полацкай зямлі такой сілай сталі дружыны і апалчэнні падуладных літоўскіх земляў. Можна думаць, што з ХІ ст. полацкае войска ўключала літоўскія кантынгенты. Паколькі ваенная служба літоўцаў для Полацку не насіла прафесійны характар і з’яўлялася іх калектыўнай павіннасцю, то малаверагодна, што літоўцы далучаліся да полацкага войска індывідуальна. Рачэй, яны змагаліся пад полацкімі сцягамі ў складзе сваіх атрадаў і пад камандаваннем сваіх князёў. Яны не ўключаліся ў структуру ўласна полацкай вайсковай арганізацыі і з’яўляліся элементам хутчэй знешнім, чым унутраным. З цягам часу становішча змянілася. Падзенне ролі народнага полацкага апалчэння прывяло да адпаведнага росту значэння літоўскіх атрадаў. Ужо пры апісанні бітвы Валадара Глебавіча з Рагвалодам Барысавічам пад Гарадцом у 1162 г. летапісец называе ў складзе войска Валадара толькі літву, не згадваючы ўласна менскія атрады. Літоўцы адыгралі важную ролю ў аблозе Друцку ў 1180 г. і паходзе на Ноўгарад у 1198 г., у ходзе якога яны і палачане спустошылі Вялікія Лукі. Мы таксама маем няпэўныя звесткі Рыфмаванай хронікі аб сумеснай аперацыі палачан і літоўцаў каля 1200 г. супраць крыжаносцаў у Лівоніі пад Кукенойсам:
       
       Здарылася ў хрысціян у Лівоніі
       У той час бітва.
       Яе літоўцы пачалі,
       З іншага боку рускі атрад
       Да Кокенгузена на поле прыйшоў.
       Смерцю там трэба было заплаціць:
       Трыста хрысціян там ляжаць засталіся.
       І ў паганцаў таксама
       Шмат мёртвых засталіся на полі.53
       
       Апошняя бітва паказвае, наколькі спрыяла полацка-літоўскаму ваеннаму супрацоўніцтву наяўнасць агульнага небяспечнага ворага ў выглядзе нямецкіх крыжаносцаў у Падзвінні. Сама ідэя крыжовага паходу з мэтай распаўсюджвання каталіцкай версіі хрысціянства не пакідала надзеі на спакойнае жыццё ні схізматам-русінам, ні паганцам-літоўцам. У тэорыі крыжовы паход мусіў скончыцца толькі з абарачэннем у правільную веру ўсіх няверных, на практыцы жа ён мог скончыцца на тым рубяжы, ня якім дазвалялі наяўныя рэсурсы. А рэсурсамі крыжаносцаў былі неверагодная моц папскага стала і шматлікае ваяўнічае заходееўрапейскае рыцарства. Таму крыжовая небяспека была болей чым рэальнай для Полацку, Літвы, а потым і Валыні з Берасцем, Драгічынам і яе іншымі пабужскімі і панямонскімі ўладаннямі. Па гэтай прычыне Літва і Русь мусілі выпрацаваць узаемапрыймальную мадэль адносін, якая бы дазваляла ім выступаць адзіным фронтам супраць знешняй небяспекі і ажыццяўляць іншае супрацоўніцтва.
       Па урыўкавых звестках летапісаў і хронік цяжка меркаваць, наколькі шчыльна літоўцы ўпісаліся ва ўласна полацкую вайсковую арганізацыю і якую кар’еру пад полацкімі сцягамі зрабілі военачальнікі літоўскага паходжання, аднак адмаўляць іх велізарную ролю ў вядзенні Полацкай зямлёй у ХІІ ст. знешніх і міжусобных войнаў немагчыма. Таксама, паражэнні, нанесеныя літоўцамі Полаччыне каля 1185 г., ясна паказалі, наколькі важна мець літоўцаў у якасці прыяцеляў, а не ворагаў.
       Але і Полаччына недарэмна прыцягвала да сябе позіркі з Панямоння. За некалькі стагоддзяў свайго існавання ў складзе Кіеўскай дзяржавы і як самастойная дзяржава, Полацкая зямля набыла складаную палітычную структуру, стварыла заканадаўства высокога ўзроўню, дабілася значных поспехаў у эканоміцы і культуры. Усе гэтыя набыткі полацкай цывілізацыі маглі быць выкарыстаныя і выкарыстоўваліся Літвой у яе грамадскім развіцці. Паказчыкам полацкага ўплыву на працэсы, якія адбываліся ў літоўскім грамадстве, можа служыць будаўніцтва ўздоўж межаў Літвы з Полаччынай драўляных замкаў, якія былі асяродкамі палітычнага жыцця Літвы. Як піша Г. Лаўмяньскі, на Русі “ўжо існавала гатовая для здабывальнікаў дзяржаўная арганізацыя”.54 Безумоўна, польскі гісторык можа перавялічваць ролю знешніх фактараў у станаўленні літоўскай дзяржаўнасці, але цяжка сумнявацца ў тым, што суседства з Полаччынай было моцным яе каталізатарам. Таксама, прысутнасць у літоўскай мове эканамічнай тэрміналогіі, запазычанай са старажытнарускай ці старабеларускай мовы сведчыць аб пераняцці літоўцамі ў русінаў пэўных спосабаў гаспадарання.55
       У любым выпадку, літуанізацыя ўзброеных сіл Полацкай зямлі і цывілізацыйны ўплыў Полаччыны на Літву адзначылі пераход іх адносін на прынцыпова новы ўзровень. Літва была для Полацку нашмат цікавейшай за простую крыніцу вайсковай сілы. Полацк быў для Літвы чымсьці большым за простае поле для вайсковай кар’еры ці тэрыторыю для рабаўніцтва. Полацк і Літва сталі своеасаблівымі “Раманіяй” і “Готыяй”, якія не так ужо рэзка і адрозніваліся адна ад адной і мелі добрую магчымасць для сумеснага існавання. Больш за тое, Полацкае княства, было толькі невялікай часткай "Раманіі". Яно хутчэй за сваіх суседзяў прайшло шлях самастойнага развіцця і таму раней аказалася гатовым да новага супрацоўніцтва. Патэнцыял для ўдзелу у гэтым працэсе на “раманскім” баку таксама мелі Смаленшчына, Тураўшчына і іншыя землі Русі.
       Супрацоўніцтва ў палітычнай і ваеннай сферы адкрывала магчымасць да паступовага і частковага выцяснення ў будучыні старога полацкага вайскова-дружыннага слою літоўцамі. Князі з дынастыі Рагвалодавічаў, якія завязлі ў дынастычных спрэчках і распачыналі з-за гэтага бясконцыя войны, ужо не маглі належным чынам выконваць свае функцыі: ажыццяўленне палітычнай ўлады ў інтарэсах паспольства, абарону краю і падтрыманне ўнутранага парадку. Наадварот, у многіх выпадках менавіта яны ўяўлялі сабой пагрозу бяспецы краю. Таму патэнцыйная замена іх ваяўнічымі князямі літоўскага паходжання была крокам, які палягчаў вырашэнне гэтых пытанняў. Больш за тое, паколькі палітыка таго часу мела ў вялікай ступені дынастычны характар, замена Рагвалодавічаў, цесна звязаных шлюбнымі і сваяцкімі сувязямі з рознымі адгалінаваннямі Рурыкавічаў, адным ударам разрубала павуцінне, што ўцягвала Полаччыну ў чужыя ёй войны. Разам з тым падобная замена не мела негатыўным чынам адбіцца на шматлікіх дружынніках сярэдняга і ніжэйшага слою, якія былі надзейнай апорай князёў любой дынастыі і трывалай асновай усяго войска.
       Супрацоўніцтва ў грамадзянскай сферы значыла захаванне полацкіх палітычных, эканамічных і культурных узораў, якія маглі бы развівацца больш бяспечным чынам пад аховай больш здольнага і эфектыўнага літуанізаванага вайсковага слою. У цэлым, ХІІ ст. падвяло Полацкую зямлю і Літву да мяжы ўтварэння таго, што можна назваць аналагам варварскага каралеўства на тэрыторыі былой Рымскай імперыі, якое спалучала бы ў сабе цывілізацыйныя дасягненні аднаго боку з маладой ваеннай моццу другога. Паколькі Смаленшчына, Тураўшчына і некаторыя іншыя землі Русі развіваліся падобным з Полаччынай шляхам, то ў больш аддаленай перспектыве такім шляхам маглі рушыць і яны. Ці адбылося гэта і як развівалася сітуацыя ў далейшым, паказвае гісторыя ХІІІ ст.


       1 Алексеев Л.В. Смоленская земля в ІХ – ХІІІ вв.: Очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии. Москва, 1980. C. 125.
       2 Фроянов И.Я. Киевская Русь: Очерки социально-экономической истории. // Фроянов И.Я. Начала русской истории. Избранное. Москва, 2001. С. 420-423.
       3 Алексеев Л.В. Смоленская земля в ІХ – ХІІІ вв. C. 126-127.
       4 Древнерусские княжеские уставы ХI – ХV вв. Москва, 1976. С. 141-145.
       5 Алексеев Л.В. Смоленская земля в ІХ – ХІІІ вв. C. 130-131.
       6 Клімент Смаляціч. Послание, написано Климентом митрополитом Руским Фоме Презвутеру, истолковано Афонасиемь Мнихом. // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя. Мн., 2003. (Далей: Анталогія...). С. 33.
       7 Ипатьевская летопись. Москва, 1998. С. 493.
       8 Фроянов И.Я. Киевская Русь: Очерки социально-экономической истории. С. 384.
       9 Ипатьевская летопись. С. 510-511.
       10 Летопись Рачинского. // Полное собрание русских летописей. (ПСРЛ). Т. 35. Москва, 1980. С. 147.
       11 Ипатьевская летопись. С. 491.
       12 Тамсама. С. 598.
       13 Тамсама. С. 647.
       14 Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Москва, 2000. С. 38.
       15 Ипатьевская летопись. С. 692.
       16 Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца ХІV столетия. Киев, 1896. С. 201-202.
       17 Новгородская первая летопись. С. 37.
       18 Слово о пълку Игореве, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова. // Анталогія... С. 173.
       19 "Хроника Ливонии" Генриха. (Heinrici Chronic. Lyvon.). І, 5. // Матузова В.И. Назарова Е.Л. Крестоносцы и Русь. Конец ХІІ в. – 1270 г. Тексты, перевод, комментарий. Москва, 2002. С. 53.
       20 Ипатьевская летопись. С. 672.
       21 Тамсама. С. 676.
       22 Тамсама. С. 702.
       23 Слово о пълку Игореве, Игоря, сына Святъславля, внука Ольгова. Анталогія... С. 172.
       24 Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódska i wszystkiéj Rusi. Warszawa, 1846. Tom I. VI, 1. 202.
       25 Ипатьевская летопись. Разночтения из Ермолаевского списка. С. 83.
       26 Хроника магистра Винцентия Кадлубка. (Vinc. Kadl.). IV. 19. // Щавелева Н.И. Польские латиноязычные средневековые источники. Москва, 1990. С. 108.
       27 "Великая хроника" о Польше, Руси и их соседях. ХІ – ХІІ вв. Москва, 1987. (Chronic. Polon. Maior.). 43. С. 127.
       28 Lowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa Litewskiego. Wilno, 1932. Tom II. 237-238, 350-351.
       29 Кардини Ф. Истоки средневекового рыцарства. Москва, 1987. С. 150-151.
       30 Корсунский А.Р. Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). Москва, 1984. С. 198-199.
       31 Козленко А.В. Военная история античности: полководцы, битвы, оружие. Мн., 2001. С. 228-229.
       32 Тамсама. С. 109.
       33 Кардини Ф. Истоки средневекового рыцарства. С. 151-155.
       34 Дельбрюк Г. История военного искусства. Санкт-Петербург, 1994. Т. 2. С. 182-185.
       35 Тамсама. С. 188-190.
       36 Козленко А.В. Военная история античности: полководцы, битвы, оружие. С. 168-169.
       37 Сальвиан. Рассуждение современника-очевидца о причинах падения Западной Римской империи (около 450 г.). (Salv. Massil. De Gubernatione Dei.). V, 4-9. // История средних веков. От падения Западной Римской империи до Карла Великого. (476 – 768 гг.). Составитель М.М. Стасюлевич. (Далей: История средних веков…). Москва – Санкт-Петербург, 2001. С. 70-71.
       38 Цыт. паводле Дельбрюк Г. История военного искусства. Т. 2. С. 186.
       39 Федорова Е.В. Люди императорского Рима. Москва, 1990. С. 263, 269, 285, 290, 325.
       40 Цезарь, Гай Юлий. Галльская война. // Записки Юлия Цезаря и его продолжателей о Галльской войне, о Гражданской войне, об Александрийской войне, об Африканской войне. Москва, 1999. (Caesar. Bell. Gall.). VI, 24. С. 120.
       41 Корсунский А.Р. Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). С. 43.
       42 Кардини Ф. Истоки средневекового рыцарства. С. 169.
       43 Контамин Ф. Война в Средние века. Санкт-Петербург, 2001. С. 25.
       44 Корсунский А.Р. Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). С. 180-181.
       45 Контамин Ф. Война в Средние века. С. 25.
       46 Тамсама. С. 26.
       47 Дельбрюк Г. История военного искусства. Санкт-Петербург, 1996. Т. 3. С. 32-33.
       48 Корсунский А.Р. Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). С. 49-53, 182-187.
       49 Цыт. паводле: Контамин Ф. Война в Средние века. С. 27.
       50 Кассиодор, Марк. Внешние отношения нового варварского правительства в Италии (начало VI в.). (Письмо Тедодриха Великого к Клодовею, королю франков). (Cassiod. XII Libri Variar.) III, 4. // История средних веков… С. 245.
       51 Кассиодор, Марк. Общий характер нового варварского правительства в Италии (начало VI в.). (Из письма Тедодриха Великого к правителю провинции Севериану ). (Cassiod. XII Libri Variar.) V, 14. // История средних веков… С. 243-245.
       52 Сидоний Аполлинарий. Двор вестготских королей в Галлии. (Из переписки современников). (Sidon. Apoll.). II, 8, IX. // История средних веков… С. 408.
       53 Ливонская "Старшая" рифмованная хроника. (Livländische Reimschronik.). 503-511. // Матузова В.И. Назарова Е.Л. Крестоносцы и Русь. C. 70.
       54 Lowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa Litewskiego. Tom II. 350.
       55 Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 257-258.


       Аўтарская рэдакцыя артыкула:
       Георгі Навіцыян. Перадумовы ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага ў сьвятле узаемадзеяньня Рыму і барбараў у I–VI стст., ARCHE, Менск, 2005, № 4 (38).


Back Меркавання     Вялікія князі літоўскія Next    

 
Гісторыя
Уводзіны
Храналогія
Крыніцы
Эпоха вікінгаў
Вытокі дзяржавы
Вялікія князі
Грамадства
Уводзіны
Сацыяльныя пласты
Дзяржаўны лад
Ваеннае майстэрства
Рэлігія
Пісьменства і мовы
Замкі
Уводзіны
Замак Варута
Гісторыя
Навіны
Справаздачы з даследаванняў
Артыкулы
Паэзія
Драўляныя замкі
Каменныя замкі
Спадчына ВКЛ
Уводзіны
Артыкулы
Карты
Дыскусіі
 
Аб аўтары сайта
Біяграфія
Кантакты
 
 
 
Падпішыцеся ў кнізе гасцей:
 
 
     Search 700 Million Names at Ancestry.com!