Search 1 Billion Names - Newtab2

Lithuanian  Lietuviškai   English  English   Russian  По-русски   
Сярэднявечная Літва
ГІСТОРЫЯ СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЛІТВЫ

              Вытокі Літоўскай дзяржавы |  Меркавання |  Параўнальны аналіз


Моя книга "Lietuvos valstybės ištakos" ("Истоки Литовского государства") была издана в конце мая 2000 г. в Вильнюсе издательством "Вага". Она содержит подробное резюме на английском языке (с. 245-272), 900 ссылок, 35 иллюстраций. В книжных магазинах Литвы она стоит 6–7 литов ($ 2.1–2.4). Вы можете прочитать здесь резюме на английском языке и перевод глав 2, 6 и 7 IV раздела на белорусский и 1 главы V раздела на русский язык.

Томас Баранаўскас

ВЫТОКІ ЛІТОЎСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ

Пачатак рускай экспансіі

       Неабходнай умовай стварэння Літоўскай дзяржавы было з’яўленне моцнага ворага, які б уяўляў пагрозу існаванню Літвы. Перадумовы да гэтага з’явіліся ў эпоху вікінгаў. Скандынаўскія набегі, што пачаліся ў другой палове VIII стагоддзя, хутка закранулі землі балтаў і ўсходніх славян. Няспынныя войны першай паловы IX стагоддзя прывялі да пашырэння ўплыву скандынаваў на ўсходнеславянскіх і некаторых фінскіх землях (гл. PASZKIEWICZ 1996: 172–204). У сярэдзіне IX стагоддзя на землях наўгародскіх славян і суседніх фінаў замацаваўся конунг Рурык. Яго ўладанні, паводле звестак Нестара, ахоплівалі Полацк, Растоў, Мурам, Ізборск (непадалёку ад Пскова) і Белавозера, дзе ён пасяліў свой род (sine hus) і “верную дружыну” (thru waring) (параўн. РЫБАКОВ 1987: 49). У цэнтры гэтых падуладных яму земляў Рурык накіраваў сваіх намеснікаў (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 18). Такім чынам, калі гэтыя легендарныя дадзеныя адпавядаюць рэчаіснасці, сфера ўплыву Рурыка ахоплівала і Полацкую зямлю, што межавала з Літвой.
       Пасля смерці Рурыка, у выніку аб’яднання каля 882 года наўгародскім князем (ці рэгентам) Алегам некалькіх ранейшых дзяржаўных аб’яднанняў паміж Ноўгарадам і Кіевам, утварылася магутная ўсходнеславянская дзяржава – Кіеўская Русь (гл. КОТЛЯР 1998: 45, 48–50; ЮШКОВ 1946: 46–49). Пагрозу з боку Кіеўскай Русі Літва адчула не адразу, але ўжо з X стагоддзя паходзяць дадзеныя аб экспансіі русінаў у гэтым напрамку. Ужо ў 945 годзе паміж пасламі Русі ў Візантыі ўзгаданы Ятьвягъ Гунаревъ – яцвяг на рускай службе (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 34, ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 35, ПАШУТО 1959: 11).
       Найбольшых памераў гэтая экспансія дасягнула ў другой палове X стагоддзя, у часы праўлення вялікага кіеўскага князя Уладзіміра I (978–1015). Яшчэ перад тым, як стаць вялікім князем, каля 970 года, ён перамог полацкага князя-варага Рагвалода і сілай узяў шлюб з яго дачкой Рагнедай, аднак не мог з ёй жыць. Таму ў канцы X стагоддзя яе сына Ізяслава Уладзімір прызначыў полацкім князем, а разам з ім выслаў і Рагнеду. Прыкладна ў той жа час (паводле археалагічных дадзеных) быў пабудаваны Мінск над ракой Менай, а непадалеку ад яго свайму сыну і жонцы Уладзімір пабудаваў і Ізяслаўскі замак (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 147–148, 178, 238–239). Гэта былі апорныя пункты русінаў у барацьбе з Літвой. На погляд Ежы Ахманьскага, заклад Ізяслаўскага замка быў “першым яскравым знакам рускай палітычнай экспансіі” і гэта “павінна было быць звязана з узброеным паходам супраць Літвы” (OCHMAŃSKI 1980: 135).
       У гэтых адносінах цікавасць уяўляе гіпотэза Казіміраса Бугі, што літоўскае слова valdymieras “уладар, гаспадар дома” паходзіць ад імя вялікага князя Уладзіміра I і трапіла ў літоўскую мову яшчэ ў яго часы (гл. BŪGA 1958: 343). Адначасова гэта сведчыць, што літоўцы маглі сутыкнуцца з Уладзімірам. Магчыма, у той жа час пачала фармавацца ўлада новага тыпу, падобная да той, якую меў Уладзімір; таму ўладары, што атрымалі ці прэтэндавалі на яе, сталі называцца “ўладзімірамі” (валдимерами).
       Хоць прамыя дадзеныя аб паходзе Уладзіміра на Літву адсутнічаюць, яго дзейнасць у гэтым рэгіёне была сапраўды актыўнай. Акрамя ўжо згаданага шлюбу з полацкай княжной і закладу Ізяслаўля, вядомы вялікі паход Уладзіміра на яцвягаў у 983 годзе. Нестар піша: “Ішоў Уладзімір на яцвягаў, іх перамог і ўзяў зямлю іх. І вярнуўся ў Кіеў, і са сваімі людзьмі прыносіў ахвяру багам. І сказалі старцы і баяры: давайце кінем жэрабя на хлопца і дзяўчыну – на каго трапіць, таго і ахвяруем багам” (ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 58; ахвяраваны быў сын аднаго варага, з якім загінуў і яго бацька, калі імкнуўся абараніць сына). Акрамя гэтага паходу русінаў маглі, канешне, адбывацца і больш дробныя іх паходы, якія засталіся не зафіксаванымі летапісцам. Удзел вялікага князя, авалоданне Яцвяжскай зямлёй і прынясенне ў ахвяру людзей гаворыць аб тым, што гэта быў не шэраговы паход. Праўда, трэба зрабіць заўвагу, што ахвяраванне людзей магло быць і штучна звязана летапісцам з паходам 983 года. Звесткі аб ахвяраванні, відаць, належаць да вызначанага ў летапісным тэксце “Казання аб распаўсюджанні хрысціянства на Русі”, а звесткі аб паходзе 983 года маглі быць узяты з велікодных табліц (параўн. ЛИХАЧЕВ 1950: 63, 87–88).

Унутраныя змены ў Літве ў XI–XII стагоддзях

       З часоў Уладзіміра І і на працягу ўсяго XI стагоддзя Літва адчувала няспынны ўціск Русі, які ў меншай ступені мог праявіцца і ў першай палове X стагоддзя. Але мы б памыляліся, калі б лічылі, што ўзаемаадносіны Літвы і Русі абмяжоўваліся толькі ваеннымі канфліктамі. Узаемныя сувязі, якія сталі больш інтэнсіўнымі, павінны былі стварыць умовы і для цывілізацыйнага ўплыву Русі, тым больш, што паміж дзвюма краінамі ўсталявалася палітычная сувязь – сплочванне дані. Літва ў той час ужо настолькі прасунулася ў сваім развіцці, што магла ўдала даганяць Русь, якая апярэдзіла яе ў культурных адносінах. Менавіта гэта і стварыла перадумовы да ўтварэння Літоўскай дзяржавы.
       Да XII стагоддзя ў літоўскую мову ўжо трапіла шмат запазычанняў са старажытнарускай мовы, якія адлюстроўваюць цесныя культурныя ўзаемаадносіны (гл. ZINKEVIČIUS 1987: 68–75, BŪGA 1958: 339–351). Аднак азначаны гэтымі сувязямі прагрэс матэрыяльнай культуры ў другой палове X і XI стагоддзяў лепш за ўсё раскрываюць археалагічныя дадзеныя. А.Таўтавічус, падагульняючы гэтыя дадзеныя, зрабіў выснову, што XI і XII стагоддзі ўжо “можна называць перыядам ранняга феадалізму” (TAUTAVIČIUS 1977: 24; 1994: 5). І сапраўды, змены датычыліся ўсіх бакоў жыцця. Гэтыя змены, паводле А.Таўтавічуса, можна падзяліць на 4 групы.
       1. Змены ў сельскай гаспадарцы: а) удасканаленыя сярпы (з X стагоддзя); б) колавыя жорны (з XI стагоддзя); в) свіраны ў замках (з XI–XII стагоддзяў); г) двухзубая саха (з XII стагоддзя); д) галоўным хлебам становіцца азімае жыта (з XI стагоддзя).
       2. Рост узроўню рамёстваў: а) тэхналагічнае ўдасканаленне кавальскай справы (з X–XI стагоддзяў); б) ганчарнае кола і ператварэнне ганчарства ў рамяство (з канца X – XI стагоддзяў); в) ўдасканаленыя прылады апрацоўкі дрэва: шырокалязовая сякера, свердзел, такарны станок (з X–XI стагоддзяў).
       3. Інтэнсіфікацыя гандлю: а) складныя вагі, гіркі і грашовыя сярэбраныя зліткі (з канца X – XI стагоддзяў); б) павелічэнне колькасці імпартаваных вырабаў (хоць іх было значна меней, чым у Латвіі і Эстоніі).
       4. Сацыяльныя змены: а) з’яўленне замкаў (з канца X – XI стагоддзяў); б) магілы воінаў з раскошнай вопраткай і коньмі (з X стагоддзя) (гл. TAUTAVIČIUS 1985: 26–27).
       У дачыненні да трэцяй групы трэба зрабіць агаворку, што інтэнсіфікацыя гандлю больш характэрная для Заходняй Літвы, асабліва на тэрыторыі куршаў. Але і ва Усходняй Літве (якая нас у дадзеным выпадку больш за ўсё цікавіць) з’явілася шмат імпарту з Русі (гл. KUNCIENĖ 1981: 58–67), з IX да пачатку XI стагоддзя (асабліва ў другой палове X стагоддзя) распаўсюдзіліся арабскія манеты (гл. DUKSA 1981: 86–96). Аднак найважнейшай з’яўляецца чацвёртая група – змены ў галіне сацыяльных зносін. Узнікненне замкаў тут датуецца па матэрыалах гарадзішчаў Усходняй Літвы (у Куршы замкі з’явіліся раней). Менавіта на гэтую з’яву і патрэбна звярнуць увагу.
       На тэрыторыі культуры ўсходнелітоўскіх курганаў зараз вядома 185 позніх гарадзішчаў (45 з іх – у сучаснай Беларусі). На тэрыторыі Літвы ў 13 гарадзішчах сустракаюцца сляды культурных слаёў XI–XII стагоддзяў, а несумненныя слаі гэтага часу знойдзены толькі на двух гарадзішчах (Мажулёніс і Паверкняй). На тэрыторыі Беларусі (да якой належыць большая частка першапачатковай Літоўскай зямлі) слаі XI–XII стагоддзяў знойдзены амаль ва ўсіх даследаваных позніх гарадзішчах (усяго ў 15). Зразумела, не ў кожным гарадзішчы таго часу стаяў драўляны замак – існавалі і ўзброеныя пасяленні, і сховішчы. Драўляныя замкі, паводле Г.Забелы, стаялі на 80 гарадзішчах Усходняй Літвы (гл. ZABIELA 1997: 462–464). У XI–XII стагоддзях яны часцей за ўсё ставіліся па суседству з Руссю, як процівага замкам русінаў (гл. OCHMAŃSKI 1980: 131–135) і як рэзідэнцыі князёў (гл. TAUTAVIČIUS 1977: 23, VOLKAITĖ-KULIKAUSKIENĖ 1987: 184, ZABIELA 1995: 170–171).
       Аб тым, што замкі на балцкіх землях тады яшчэ былі новай з’явай, гавораць дадзеныя Гала Аноніма аб прусах (саснах, паводле ŁOWMIAŃSKI 1932: 247). У апісанні паходаў 1108 і 1110 гадоў на Прусію, якія здзейсніў польскі князь Баляслаў III Крывагубы (1102–1138), ён падкрэслівае, што Прусія абаронена толькі балотамі і азёрамі, але не замкамі: “…як толькі праз азёры і балоты ён перайшоў і дайшоў да населенай зямлі, ні ў адным месцы не прыпыніўся, не заняў для сябе ні замкаў (castella), ні гарадоў (civitates), бо іх там няма” (1110 год) (гл. GALLI CHRONICON 1864: 455, 478, параўн. АНТОНОВИЧ 1995: 627) [1]. З другога боку, на землях куршаў крэпасці існавалі ўжо і раней – яшчэ ў 853 годзе тут апісваюцца “гарадскія крэпасці” (urbes) Зэбург і Апуоле (гл. RIMBERTUS 1884: 60–63). Гэта, здаецца, былі добра ўмацаваныя паселішчы, што сталі ядрамі ранніх гарадоў (гл. ZABIELA 1995: 63), але не звязаныя з большай іерархізацыяй грамадства. У аповедзе Вульфстана, запісаным у 890–893 гадах, гаворыцца, што на землях прусаў (айстыеў) “ёсць многа замкаў (manig burh) і ў кожным замку ёсць кароль (cyningc)” (BALTŲ RELIGIJOS 1996: 166). Як бачым, у розных балцкіх землях замкі з’явіліся ў розны час і хутчэй за ўсё мелі свае лакальныя асаблівасці.
       У XI–XII стагоддзях у Літве і ў суседніх абласцях ужо існавалі гарадзішчы накшталт княскіх рэзідэнцый з круглымі пляцоўкамі дыяметрам ад 20 да 50 метраў (Мажулоніс, Каўкай). У XIII–XIV стагоддзях на такіх жа гарадзішчах засноўваліся і рэзідэнцыі вялікага князя, у якіх ён прыпыняўся ў часе пастаянных вандровак па сваёй дзяржаве (Укмерге, Палатавіс) (гл. BARANAUSKAS 1998: 26–29). Такім чынам, можа быць, што такія гарадзішчы з самага свайго ўзнікнення сталі месцамі збору даніны. Утрыманне замкаў таксама было звязана з цэлым комплексам павіннасцей (гл. GUDAVIČIUS 1998: 107–109).
       Трэба адзначыць, што ў сярэдзіне XIII стагоддзя збор даніны на яцвяжскіх землях быў ужо ў дастатковай ступені развіты – у даніну ўваходзілі не толькі куны, але і серабро (такую даніну ў 1255 годзе яны прапанавалі галіцка-валынскаму вялікаму князю Данілу) (ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 835). Акрамя таго, яцвягам было ўжо не ў навіну выкананне розных працоўных павіннасцей, сярод іх – будаўніцтва ў сваёй зямлі замкаў (гэта яны таксама абяцалі Данілу). Наўрад ці такая развітая сістэма павіннасцей з’явілася нядаўна. Залежнасць яцвягаў ад Літоўскай дзяржавы была слабай, так што яна хутчэй за ўсё не магла вызначыць хуткае з’яўленне гэтай сістэмы павіннасцей. Больш верагодна, што яна ўжо з XI стагоддзя развівалася ў мала вядомых нам яцвяжскіх княствах (такіх, як “каралеўства” Нецімера).
       Правадыры, што ўладкаваліся на гарадзішчах, з пункту погляду месца жыхарства аддзяліліся ад абшчыны. Раней мы бачылі, што яны, нават атрымаўшы значны ўплыў, жылі яшчэ ў тых жа паселішчах, што і іх падданыя (не важна, былі гэта гарадзішчы ці неўмацаваныя паселішчы). Замкі – ваенныя аб’екты. Перасяленне ў іх правадыроў было прама звязана з абавязкам клапаціцца пра абарону краю, якая ў той час стала больш актуальнай і складанай. Значыць, перасяленне прадстаўнікоў улады ў замкі было важным крокам да прафесійнай улады. Хаця гэта і не з’яўляецца дакладным крытэрыем з’яўлення дзяржаўнай структуры, пакуль менавіта яго лягчэй за ўсё намацаць у археалагічных матэрыялах, якія ў гэтых адносінах цяжка паддаюцца інтэрпрэтацыі.
       Аб сувязі паміж з’яўленнем замкаў і спецыялізацыяй улады ўскосна сведчыць і паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі, што назіраецца менавіта ў гэты перыяд. Паводле Р.Кулікаўскене, у XI–XII стагоддзях у Літве ўжо вылучыўся “кіруючы клас” (марксісцкі тэрмін) і пачалі выяўляцца пачаткі дзяржаўнасці (гл. Volkaitė-Kulikauskienė 1970: 272; 1987: 204). Зразумела, аб “кіруючым класе” ў гэты перыяд гаварыць нельга, але тое, што ў час утварэння дзяржавы кіраўнікі сталі больш актыўна вылучацца сярод сваіх падданых, – факт, азначаны спецыялізацыяй улады. Такім чынам, абапіраючыся на гэтыя дадзеныя і ўлічваючы хутка распачаты рост значэння Літвы, можна казаць, што Літоўскае княства сфармавалася ці пачало фармавацца прыкладна ў XI стагоддзі.

Літва ў перыяд полацкай гегемоніі (XI–XII стагоддзі)

       Цэнтрам пастаяннай экспансіі павінна было быць Полацкае княства, бо менавіта яму належалі галоўныя цэнтры гэтай экспансіі – Мінск і Ізяслаўль. У XI стагоддзі Полацкае княства значна ўзмацнілася і набыло прыкметную самастойнасць у адносінах да Кіева. Яно першым на Русі ўтварыла сваю асобную княскую дынастыю (гл. КОТЛЯР 1998: 170–171). XI стагоддзе – час росквіту гэтага княства. Ужо ў 1021 годзе Брачыслаў сын Ізяслава (1001–1044) увязаўся ў ваенны канфлікт з вялікім князем Яраславам, які дабіўся міру толькі пасля таго, калі зрабіў тэрытарыяльныя ўступкі полацкаму князю (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 240–241). Магчыма, Брачыслаў пачаў экспансію і ў Нальшанскую зямлю, бо заснаваны на ёй ў XI стагоддзі Браслаўскі замак звязваецца з его іменем (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 173). Праўда, невядома, ці паспела да таго часу Браслаўская зямля ўключыцца ў Нальшу, якая у той час, напэўна, яшчэ толькі складвалася (гл. ZABIELA 1992: 20). З прычыны таго, што аніякіх пісьмовых крыніц аб экспансіі ў гэтым накірунку не захавалася, невядома, як гэты край у той час называўся.
       Падобна да Полацка, сепаратысцкія тэндэнцыі выяўляла і Мазовія – польская зямля, што знаходзілася найбліжэй да Літвы. Яе князь Мецлаў (Мечыслаў) у 1038–1047 гадах змагаўся за самастойнасць з польскім князем Казімірам Узнаўляльнікам (1034–1058) (гл. BIENIAK 1963). Мецлаў шукаў дапамогі, звяртаючыся да сваіх суседзяў яцвягаў і, напэўна, да літоўцаў, для якіх гэта было добрай магчымасцю пазбавіцца ад апекі Русі. Можа, гэта і прымусіла вялікага кіеўскага князя Яраслава (1019–1054) прыйсці на дапамогу Казіміру Узнаўляльніку. Першыя ўдары Яраслава былі накіраваны менавіта супраць яцвягаў і літоўцаў, і толькі потым нападу падверглася Мазовія. Лаканічныя звесткі “Аповесці мінулых часоў” адзін за адным пералічваюць паходы Яраслава: у 1038 годзе – на Яцвягію, у 1040 годзе – на Літву, у 1041 годзе – у Мазовію (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 103). Магчыма, у 1044 годзе Літва падверглася нападу яшчэ раз (гл. НОВГОРОДСКАЯ ПЕРВАЯ ЛЕТОПИСЬ 1950: 181; КОРОЛЮК 1964: 314–321). Нарэшце, у 1047 годзе Яраслаў здзейсніў вырашальны паход у Мазовію, і тады Мецлаў загінуў (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 104). Відаць, у гэтых паходах удзельнічаў і полацкі князь Брачыслаў, які пасля міру 1021 года разам з Яраславам ваяваў “ўсе дні свайго жыцця”. Наогул, ёсць падставы гаварыць аб тым, што ў барацьбу з яцвягамі і літоўцамі вялікія князі ўцягваліся, толькі абараняючы інтарэсы полацкіх князёў. Згодна з Л.Аляксеевым, гэта здаралася толькі ў такіх выпадках, калі Полацкае княства ці непасрэдна належала ім, ці падтрымлівала з імі сяброўскія адносіны (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 263).
       Так што большасць паходаў, што здзяйснялі самі полацкія князі, нам застаюцца невядомымі. Але Полацк змог уласнымі сіламі патрабаваць ад Літвы даніны, магчыма, накладзенай на яе яшчэ Уладзімірам. У другой палове XI стагоддзя Полацкам правіў самы вядомы і магутны яго князь Усяслаў (1044–1101), які варагаваў з Кіевам і, канешне, не мог спадзявацца на яго дапамогу. Але сіл для ўтрымання ў сваёй уладзе Літвы і многіх іншых Прыбалтыйскіх краёў яму хапала.
       У пачатку XII стагоддзя Нестар у прадмове да “Аповесці мінулых часоў” пералічыў народы (плямёны), што плацілі даніну Русі, сярод якіх знаходзяцца і літоўцы. Спіс даннікаў Русі ён паўтарыў двойчы: (а) у геаграфічным аглядзе свету, як асобную групу плямёнаў Усходняй Еўропы (“у Яфетавай частцы сядзяць”); (б) як спіс народаў, плоцячых даніну Русі (“іншыя народы, што даніну даюць Русі”) (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 10, 13) [2]. У абодвух варыянтах спіса народы пералічваюцца ў тым жа парадку (акрамя весі) і лёгка падзяляюцца на тры групы.
       1 група: (1) Чудзь (эстонцы), (2) Весь, (3) Мера, (4) Мурама, (5) Чарамісь (марыйцы; згадваюцца толькі ў другім варыянце), (6) Мардва;
       2 група: (7) Чудзь Завалоцкая (згадваецца толькі ў першым варыянце), (8) Перм (комі), (9) Пячэра, (10) Ям, (11) Югра (мансі; згадваюцца толькі ў першым варыянце);
       3 група: (12) Літва, (13) Зімігола; (14) Корсь, (15) Лецігола (у другім варыянце – Нарова, Нярома), (16) Ліб.
       У першай групе пералічаныя фінскія народы былі вельмі цесна звязаны з Руссю і часцей за ўсё непасрэдна межавалі са славянскімі землямі Русі. Землі Весі, Меры і Мурамы можна безумоўна лічыць часткай старажытнарускай дзяржавы. Яшчэ ў IX стагоддзі варагі на чале з Рурыкам асталяваліся ў замках гэтых плямёнаў: у Белавозеры (Весі), Растове (Меры) і Мураме (Мурамы). З цягам часу Уладзіміра-Суздальскае княства, што ўтварылася ў мерскіх землях, стала важным палітычным цэнтрам Русі і ядром новага рускага народа (гл. PASZKIEWICZ 1996: 281–364).
       Усе народы другой групы залежалі ад Наўгародскай зямлі, але іх залежнасць ад Ноўгарада была слабай. Гэтыя плямёны размяшчаліся ў маланаселеных абласцях ад Паўднёвай Фінляндыі (Ям) да ракі Абі (Югра-мансі). Іх імёны пералічаны геаграфічна паслядоўна, акрамя Ямі, што павінна была б знаходзіцца ў пачатку спіса.
       Важнейшай для нас з’яўляецца трэцяя група. Як можна меркаваць па іншых крыніцах, гэта спіс даннікаў Полацка (няма звестак толькі аб залежнасці куршаў, акрамя таго, паўночныя латгалы на пачатку XIII стагоддзя знаходзіліся пад уплывам Ноўгарада). Варыянты спіса адрозніваюцца назвамі аднаго племені – замест латгалаў у другім варыянце запісана “Нерома”. Гэты этнонім даў падставу для самых розных інтэрпрэтацый. Ён звязваўся з узгаданымі Герадотам неўрамі, з ракой Нерыс, з Жамойцю (гл. ПАШУТО 1959: 362, спасылка 183) і Нарвай (гл. КАРАМЗИН 1989: 1: 50, 200; GUDAVIČIUS 1987: 174). Паколькі ў іншых крыніцах такі этнонім не сустракаецца, а само імя Няромы ў другім варыянце спіса запісана замест Латгалы, яго трэба лічыць памылкай Нестара ці яго першых перапісчыкаў (магчыма, замест таго, каб запісаць латгалаў, летапісец памылкова паўтарыў імя Мурамы). Трэба адзначыць, што залежнасць латгалаў ад Полацка была асабліва цеснай – як вядома, на пачатку XIII стагоддзя ў Латгале ўжо існавалі Ерсікскае і Какнескае княствы, кіруемыя русінамі. Значыць, латгалы не маглі быць не адзначаны ў спісе даннікаў Полацка.
       Наогул, ступень залежнасці ад Русі (Полацка) плямёнаў трэцяй групы была вельмі рознай. Дастаткова параўнаць кіруемых русінамі латгалаў з куршамі, якія, магчыма, толькі эпізадычна траплялі ў залежнасць ад Русі. Такім чынам, аб становішчы Літвы толькі па гэтым спісе меркаваць цяжка. Канешне, тое, што яна непасрэдна межавала з землямі Полацка, дазваляе меркаваць, што ступень залежнасці магла быць значнай.
       Спіс складзены, напэўна, у самым пачатку XII стагоддзя. У яго ўключаны югры, з якімі русіны пазнаёміліся толькі ў 1096 годзе (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 167), але ў спісе таксама прысутнічае Мардва, што ў 1103 годзе разбіла Мурамскага князя Яраслава Святаславіча (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 185), і земгалы, якія перамаглі ў 1106 годзе полацкіх князёў (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 186) і выйшлі з-пад залежнасці ад іх. Магчыма, яшчэ раней атрымалі незалежнасць ад Русі яцвягі, што ў гэтым спісе наогул адсутнічаюць. Праўда, толькі часова, бо ў 1112–1113 гадах сын вялікага князя, валынскі князь Яраслаў Святаполкавіч, зноў іх падпарадкаваў (гл. ПОВЕСТЬ ВРЕМЕННЫХ ЛЕТ 1950: 195; ЛАВРЕНТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1926–1928: cтб. 290) [3]. Тут, зразумела, трэба ўлічваць і фрагментарнасць спіса: з 22 вядомых народаў, залежных ад Русі (гл. ПАШУТО 1969: 160), у ім адзначана толькі 16. Акрамя таго, у спісе прапушчаны селы, можа быць – і нальшаны (калі апошнія не ахопліваліся іменем літоўцаў [4]). Яцвягаў маглі не ўзгадаць і ў сувязі з тым, што яны належалі сферы ўплыву валынскіх князёў, а трэцяя група спіса ахоплівае толькі полацкія ўладанні.
       У 1101 годзе, пасля смерці полацкага князя Усяслава, Полацкае княства было падзелена паміж яго сынамі. Полацкім князем стаў Давыд (1101–1128), Друцкім – Барыс Рагвалод, Мінскім – Глеб (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 252–253). Хутка паміж імі пачаліся ўсобіцы, і моц Полацка пачала слабець. Праз тры дзесяцігоддзі (у 1132 годзе) канчаткова распалася і ўся Кіеўская Русь. Гэта адкрыла Літве новыя магчымасці для развіцця. Слабеў Полацк, значэнне Літвы расло. Праўнукам Усяслава было ўжо наканавана бачыць, як Літва становіцца новай сілай.
       Ці не самым ваяўнічым нашчадкам Усяслава быў мінскі князь Глеб, які варагаваў і са сваімі братамі, і з кіеўскімі князямі. Таму ўжо ў 1104 годзе супраць яго быў арганізаваны вялікі паход, у якім прынялі ўдзел вялікі князь Святаполк, Уладзімір Манамах і полацкі князь Давыд. Аднак перамагчы мінскага князя тады яшчэ не атрымалася, і толькі ў 1117 годзе Уладзімір Манамах, тады ўжо вялікі князь Русі (1113–1125), заняў Мінск. Глеб быў узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і там у 1119 годзе сканаў. Мінск на некаторы час быў далучаны да Турава-Пінскага княства, аднак Глебавічы захавалі свае валоданні ў Мінскім княстве. Пазней, вярнуўшы сабе Мінск, яны актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе полацкіх князёў.
       У 1128 годзе вялікі князь Русі Мсціслаў Уладзіміравіч (1125–1132) арганізаваў паход вялікай кааліцыі князёў на Полацкае княства. Напэўна, у той час полацкія князі не мелі моцных саюзнікаў, бо нападу падвергліся адразу ўсе важнейшыя цэнтры Полацкага княства (Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў, Друцк). Палачане былі вымушаны выгнаць князя Давыда і аб’явіць полацкім князем Барыса Рагвалода, угоднага кааліціі. Але ён ужо ў наступным годзе памёр, і полацка-кіеўскія ўзаемаадносіны зноў абвастрыліся (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 254–263). У 1130 годзе, уварваўшыся ў Полацк, Мсціслаў саслаў сыноў нябожчыка Барыса Рагвалода – Васіля і Івана (гл. КАРАМЗИН 1991: 2–3: 289) – і ўзяў Полацк пад сваю непасрэдную ўладу.
       Невядома, якой падчас гэтай барацьбы была роля Літвы, але ўжо ў 1131 годзе Мсціслаў здзейсніў паход і на Літву. Сабраная ім кааліцыя князёў спустошыла край агнём (гл. ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 294, пад 1132 годам) і ўзяла шмат палонных (гл. Лаврентьевская летопись 1926–1928: стб. 301, пад 1131 годам), аднак на зваротным шляху літоўцы разбілі частку кіяўлян, што адсталі ад галоўных сіл (гл. ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 294; ŁOWMIAŃSKI 1932: 267).
       Часам у гэтых падзеях бачыцца атрыманне Літвой незалежнасці ад Русі (гл. GUDAVIČIUS 1999: 29), але факты гэтага не пацвердзілі. Літоўцы аказвалі супрацьдзеянне і полацкім князям, ад якіх непасрэдна залежалі, і іх ворагу Мсціславу. Само супрацьдзеянне было нязначным – на асноўныя сілы літоўцы не нападалі. Да таго ж, пазней літоўцы ўдзельнічалі ва ўнутранай барацьбе полацкіх князёў: таму можна думаць, што сувязі з Полацкам яны не перарвалі. Гэтым спусташальным паходам Мсціслаў, хутчэй за ўсё, імкнуўся нанесці ўдар па эканамічнай базе полацкіх князёў (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 263), а не прымусіць літоўцаў плаціць даніну.
       Усе гэтыя турботы павінны былі павялічваць значэнне літоўцаў, бо за дапамогу яны маглі патрабаваць узнагароду. У такіх умовах літоўцам не было выгадным кінуць выклік полацкім князям і прыпыніць выплату даніны, пакуль з сяброўскіх адносінаў можна было мець вялікую карысць. Напэўна, з уключэннем літоўцаў ва ўнутранае жыццё Полацкага княства трэба звязваць і тое, што пра сыноў Усяслава літоўская гістарычная традыцыя пакідае ўжо нейкія звесткі. У Літоўскіх летапісах гаворыцца, што пасля смерці Глеба (у 1119 годзе) “палачане пачалі свае справы вырашаць у вечы […], а ўладара сабе больш не мелі” (напэўна, “сапраўднага ўладара”). Дата з’яўлення веча яшчэ канкрэтызуецца ў характарыстыцы Барыса Рагвалода. Ён “сваім падданым падараваў свабоды і права склікаць веча, званіць званом і кіраваць як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове” (ЛЕТОПИСИ БЕЛОРУССКО-ЛИТОВСКИЕ 1980: 91, 130, 147, 175, 195; LIETUVOS METRAŠTIS 1971: 48–49). Гэта рэальныя звесткі (параўн. ОЧЕРКИ ИСТОРИИ СССР 1953: 384), бо Барыс Рагвалод сапраўды быў першым полацкім князем, выбраным на вечы (у 1128 годзе).
       Парадак, уведзены Мсціславам у Полацку, надоўга не захаваўся. У 1140 годзе з ссылкі ў Візантыі вярнуліся Барысавічы, гатовыя вярнуць сабе ўладу. Яны ажыццявілі свае планы. Каля 1146 года Рагвалод Васіль стаў полацкім князем. Аднак, каля таго ж часу Глебавічы вярнулі сабе Мінск і сталі сур’ёзнымі праціўнікамі Барысавічаў. У 1151 годзе падбухтораныя імі палачане ўзялі Рагвалода ў палон, а полацкім князем аб’явілі Расціслава Глебавіча. 7 гадоў Глебавічы кіравалі Полацкім княствам, але ў 1158 годзе адбылася новая змова, у выніку якой палачане вярнулі ўладу Рагвалоду. Расціслаў збег у Мінск, а паміж Глебавічамі і Барысавічамі пачалася барацьба (гл. АЛЕКСЕЕВ 1966: 267–277). У гэтую барацьбу ўключыліся і літоўцы.
       У 1159 годзе Рагвалод здзейсніў паход на ўладанні Глебавічаў. У першую чаргу ён напаў на Ізяслаўль, кіруемы Усеваладам Глебавічам. У сувязі з гэтым у Валынскім летапісе знаходзім цікавыя звесткі пра ўзаемаадносіны Глебавічаў і літоўцаў: “А Всеволод был дружествен Рогволоду и, надеясь на эту дружбу, вышел поклониться Рогволоду. А Рогволод отдал Изяславль Брячиславу, так как это была его вотчина, а Всеволоду дал Стрежев и оттуда пошел к Менску. И стоял у Менска 10 дней, и заключил мир с Ростиславом, и креста целовал. [Потом] вернулся домой. А Володарь не целовал креста, так как ходил, под предводительством литовцев, в лесах” (ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 496).
       З гэтага бачым, што літоўцы супрацоўнічаюць з Глебавічамі, але адна з важнейшых крэпасцяў, што знаходзіліся на мяжы з Літвой, адбіраецца ў Глебавічаў і даручаецца князю, саюзнаму Барысавічам. Значыць, літоўцы маюць з чаго выбіраць – абодва канфрантуючыя блокі знаходзяцца па суседству з імі. А гэта, канешне, дазваляе ім ставіць больш выгадныя для сябе ўмовы.
       У наступным годзе Расціслаў зрабіў спробу вярнуць сабе Ізяслаўль і ўзяў у палон князя Брачыслава і Валадшу (напэўна, яго брата). Рагвалод адрэагаваў адразу. У тым жа годзе ён паказаўся каля Мінска і пасля шасці тыдняў асады прымусіў Расціслава заключыць мір і адпусціць Брачыслава і Валадшу (гл. ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 505). Пасля гэтага пахода Расціслаў канчаткова супакоіўся, і звесткі аб ім абрываюцца [5].
       Між тым яго брат Валадар не спыняў барацьбы. У 1162 годзе адбылася яго рашаючая схватка з Рагвалодам. Валынскі летапіс падае: “Прыйшоў Рагвалод супраць Валадара з палачанамі да Гарадца. Валадар не біўся з ім днём, а ўночы напаў на яго з горада з літоўцамі і многа зла было здзейснена ў тую ноч. […] А Рагвалод збег у Слуцк і, пабыўшы тут тры дні, адправіўся у Друцк, а ў Полацк не асмеліўся ісці, бо многа пагубіў палачан. А палачане пасадзілі ў Полацку [Усяслава] Васількавіча” (ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 519).
       Такім чынам, Валадар перамог Рагвалода, але нічога гэтым не дабіўся. Да ўлады ў Полацку прыйшоў новы род, які да таго не ўдзельнічаў ў барацьбе. Аднак Васількавічы, заняўшы месца Барысавічаў, працягвалі барацьбу з Глебавічамі. У 1167 годзе Валадар разбіў Усяслава і заняў Полацк. Аднак Усяслаў, які адступіў у Віцебск, атрымаў дапамогу смаленскіх князёў Давыда і Рамана Расціславічаў. Валадар быў вымушаны адступіць, церпячы вялікія страты (гл. ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 526–527). Больш у крыніцах ён не згадваецца. Барацьба скончылася паразай і Глебавічаў, і Барысавічаў.
       Літоўцы, напэўна, ужо раней кінулі Глебавічаў. У апісанні бітваў 1167 года іх ужо не бачым. Напэўна, пасля Гарадзецкай бітвы літоўцы пераканаліся, што Валадар ужо не мае ніякіх перспектыў (нягледзячы на перамогу, полацкім князем выбіраецца не ён), і перайшлі на бок сапраўдных пераможцаў – Васількавічаў. Гэта ў нейкай меры пацвярджае і літоўская версія Гарадзецкай бітвы. У Літоўскіх летапісах сцвярджаецца, што князь Мінгайла разбіў каля Гарадца “полацкіх мужоў” і стаў “вялікім князем полацкім” (гл. ЛЕТОПИСИ БЕЛОРУССКО-ЛИТОВСКИЕ: 1980: 130, 147, 175, 195; LIETUVOS METRAŠTIS 1971: 48). Канешне, Мінгайла (калі сапраўды такім было імя літоўскага князя) не стаў полацкім князем, але новы полацкі князь сапраўды павінен быў стаць літоўцам “сваім”, калі яны перайшлі на яго бок. А аб тым, што яны раней ці пазней гэта зрабілі, сведчаць далейшыя падзеі.

Перадумовы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага

       У 1179 годзе распачаўся канфлікт паміж двума кіеўскімі князямі – Рурыкам Расціславічам і Святаславам Усеваладавічам. Святаслава подтрымалі многія полацкія князі, акрамя друцкага князя Глеба Рагвалодавіча. У 1180 годзе брат Святаслава Яраслаў і пляменнік Ігар (герой “Слова пра паход Ігаравы”) пайшлі на Друцк, абклалі яго і чакалі з Ноўгарада Святаслава. У той жа час да Друцка прыйшлі на дапамогу Святаславу полацкія князі. У Валынскім летапісе яны пералічаны: “Васількавічы – Брачыслаў з Віцебска, брат яго Усяслаў з палачанамі; а з імі былі і лівы, і літоўцы, Усяслаў Мікуліч з Лагойска, Андрэй Валадшыч і яго пляменнік Ізяслаў, і Васілька Брачыславіч” (ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 620).
       Узнікае пытанне, кім з’яўляліся літоўцы, прыведзеныя полацкімі князямі? У іх спрабуюць угледзець “перыферыйных літоўцаў”, якія жылі па суседству з Полацкам – у Нальшанскай зямлі (гл. GUDAVIČIUS 1984: 15). Такое сцверджанне няпэўнае, бо няма звестак, што жыхары Нальшы ў той час ужо называліся літоўцамі, акрамя таго, у паходзе ўдзельнічалі князі, што кіравалі непасрэдным памежжам Літоўскага княства. Лагічна меркаваць, што яны і прывялі літоўцаў. Андрэй Валадшыч і Васілька Брачыславіч з’яўляюцца сынамі тых жа ізяслаўскіх князёў Валадшы і Брачыслава, якіх у 1159–1160 гадах абараняў Рагвалод. Непадалёк былі і ўладанні лагойскага князя Усяслава. Такім чынам, бліжэйшыя да Літвы князі, а таксама і літоўцы, у той час усё яшчэ падпарадкоўваліся цэнтральнай уладзе ў Полацку. У гэтых адносінах паказальным з’яўляецца супастаўленне літоўцаў з лівамі. Апошнія яшчэ на пачатку XIII стагоддзя прызнавалі ўладу полацкага князя і плацілі яму даніну (гл. INDRIĶA HRONIKA 1993: 144, 168 (XIV, 9; XVI, 2)).
       Ва ўсіх гэтых падзеях літоўцы выступаюць як параўнальна слабая сіла. Яны ніколі не дзейнічаюць самастойна, толькі дапамагаюць полацкім князям. Але нават у саюзе з імі значэнне літоўцаў невялікае.
       Зусім іншае становішча назіраецца ў 1183 годзе, калі літоўцы, разбіўшы полацкіх князёў, урываюцца нават у Пскоў, а пазней самастойна здзяйсняюць далёкія паходы ў Лівонію, Ноўгарад і іншыя рэгіёны. Такое раптоўнае павелічэнне моцы Літвы паказвае на значныя перамены ўнутры Літвы, але гэта абмяркуем пазней. Цяпер паспрабуем адказаць на пытанне, як здарылася, што амаль не заўважная сярод сутычак полацкіх князёў Літва нечакана здолела стаць рэальнай пагрозай для саміх палачан?
       XII стагоддзе – час раздраблення Русі. Усобіцы князёў, якія асабліва ўзмацніліся ў другой палове XII стагоддзя, падарвалі моц і Полацка, і ўсёй Русі. У сувязі з гэтым, здавалася б, пачатак экспансіі Літвы трэба звязваць, у першую чаргу, з паслабленнем Русі. Аднак такое тлумачэнне лагічнае толькі на першы погляд. Насамрэч літоўская экспансія пачалася не ў самы крытычны для Русі момант. Бадай, найвялікшым крызісам у гісторыі Полацкага княства была вайна Барысавічаў і Глебавічаў 1158–1167 гадоў. Аднак літоўцы гэтым не пакарысталіся і не сталі пагрозай для Полацка. Не былі выкарыстаны і хваляванні на Русі. У 1169 годзе ўладзімірскі князь Андрэй Багалюбскі знішчыў Кіеў, уплыў якога пасля гэтага канчаткова сышоў у нябыт. Хваляванні працягваліся цэлае дзесяцігоддзе. Як ужо гаварылася, у 1179–1180 гадах паміж Рурыкам і Святаславам ішла барацьба, у якую былі ўцягнуты і літоўцы. Гэта барацьба скончылася ўсталяваннем дыумвірату Святаслава і Рурыка. Святаслаў прымірыўся з Расціславічамі і вялікім князем уладзімірскім Усеваладам III (1176–1212), які іх падтрымліваў. Усобіцы рускіх князёў на некаторы час спыніліся (гл. КАРАМЗИН 1991: 2–3: 387–388; КОТЛЯР 1998: 362–363). Але якраз у гэты час, калі і ў Полацку, і ва ўсёй Русі становішча стабілізавалася, пачалася літоўская экспансія. Такім чынам, яна не была прама звязана з аслабленнем Русі. Яе прычыны трэба шукаць не ў аслабленні Русі, а ва ўзмацненні самой Літвы.
       Усобіцы полацкіх князёў, канешне, паўплывалі на ўзвышэнне Літвы, але гэты ўплыў праявіўся не непасрэдна, а ў першую чаргу ў тым, што яны прыцягнулі літоўцаў ва ўнутранае жыццё Полацка. Калі полацкія князі вялі міжусобную барацьбу, літоўцы ўжо не маглі быць проста залежнымі ад Полацка. Цяпер было важна, якой менавіта групоўцы князёў яны падпарадкоўваюцца. А гэта, безумоўна, залежала ад таго, што магла прапанаваць літоўцам тая ці іншая групоўка. Такім чынам, за сваю дапамогу літоўцы маглі спадзявацца на ўзнагароду. Тут і трэба шукаць таямніцы ўзвышення Літвы.
       Бадай ці не лепшым і разам з тым самым танным, што полацкія князі маглі прапанаваць Літве, была плата тым жа. Побач з Літвой было некалькі невялікіх княстваў, такіх як Нальша, Дзевілтава і Нерыс. Напэўна, не выпадкова менавіта Літва аб’яднала іх у вялікае княства. Ужо ў XII стагоддзі Літва, падтрымліваемая полацкімі князямі, магла прыцягнуць іх у сферу свайго ўплыву, магчыма прымусіць іх сплочваць даніну.
       Літоўцы аказвалі ваенную дапамогу полацкім князям, але і самі яны мелі не меншую патрэбу ў дапамозе полацкіх князёў. Успомнім падзеі 1159 года. Калі Рагвалод прымусіў Расціслава Глебавіча заключыць мір, “Володарь не целовал креста, так как ходил, под предводительством литовцев, в лесах” (Ипатьевская летопись 1908: cтб. 496 [6]). І толькі пасля гэтага літоўцы прыйшлі яму на дапамогу. Так, карыстаючыся ўсобіцамі полацкіх князёў, літоўцы закладвалі асновы Вялікага Княства Літоўскага. Да 1180 года Літва яшчэ была слабым княствам. У 1183 годзе яна робіць напады з ужо значна большай сілай. Напэўна, тыя княствы, што ўжо раней трапілі ў сферу ўплыву Літвы, канчаткова аб’ядналіся ў адну дзяржаву.
       Аднак, што магло даць імпульс гэтаму аб’яднанню? Літва, канешне, заўсёды імкнулася да яго. За дапамогу ў паходзе 1180 года яна магла атрымаць пэўную ваенную падтрымку для сваіх патрэб. Але наўрад ці гэтай падтрымкі было больш, чым у час міжусобнай вайны 1158–1167 гадоў. Значыць, наўрад ці гэта дапамога (дарэчы, толькі мяркуемая) магла прынесці такія змены. Але Літва ўжо ў гэты час павінна была быць бясспрэчным лідэрам сярод іншых княстваў, і калі б для іх узнікла небяспека з боку якога-небудзь іншага ворага, цалкам магчыма, што яны аб’ядналіся б менавіта вакол Літвы. Такім чынам, трэба вызначыць, ці магла такая небяспека тады з’явіцца.
       Як ужо адзначалася, Русь пасля 1180 года ў нейкай ступені ўзмацнілася. Стабільным было і становішча Полацка. Таму магчыма, што полацкія князі, якія ўзнавілі экспансію ў Нальшу ў накірунку Браслава, сталі больш асцярожна ставіцца і да Літвы. Усё гэта толькі меркаванні, але нават калі экспансіі і не існавала, узмацненне Русі павінна было ўяўляць пагрозу. Канешне, гэтай пагрозай мы не можам патлумачыць усё, асабліва далучэнне да Вялікага Княства Літоўскага больш далёкіх тэрыторый (напрыклад, Жмудзі). Але пэўную ролю гэтыя абставіны маглі адыграць, асабліва калі супадалі з іншымі.
       У гэты час крыніцай экспансіі магла быць не толькі Русь. У 1157 годзе ў Даніі скончыліся ўнутраныя войны, што цягнуліся чвэрць стагоддзя. Да ўлады прыйшоў Вальдэмар I Вялікі (1157–1182). Ён імгненна распачаў экспансію на паўднёвых і ўсходніх узбярэжжах Балтыйскага мора, якую працягнулі яго нашчадкі (гл. DERRY 1995: 66–67). Аб нападах на балцкія краіны засталося мала звестак, але з больш позніх крыніц вядома, што ўжо ў 1161 годзе датчане асадзілі і ўзялі Палангскі замак у Куршы (гл. DUNDULIS 1982: 70–71; 1985: 16–17; 1990: 12). Археалагічныя дадзеныя паказваюць, што ў час гэтых нападаў моц куршаў была зламана і пачаўся перыяд заняпаду іх матэрыяльнай культуры (гл. ZABIELA 1995: 163–164; ŽULKUS, KLIMKA 1989: 62).
       Гэта, магчыма, было і не вельмі актуальным для Літоўскага княства, але суседніх з куршамі жамойтаў павінна было прымусіць паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Тым болей, што намеры датчан аказаліся не надта сціплымі. Аб іх можна меркаваць паводле спіса земляў, што плацілі датчанам даніну і былі ўключаны ў “Кнігу падаткаў Даніі”. У ім пералічаны многія землі Прусіі, да якіх далучаны і Літва (Littonia), Курш і Земгала (гл. SCRIPTORES RERUM PRUSSICARUM 1861: 737). Хоць спіс складзены ў 1231 годзе, у ім адлюстраваны больш раннія інтарэсы датчан (гл. GUDAVIČIUS 1989: 18). Узгаданая тут Літва хутчэй за ўсё з’яўляецца толькі заходняй часткай Вялікага Княства Літоўскага (Жмуддзю), бо з Судовіі, якая знаходзілася бліжэй да Літвы ў вузкім сэнсе, у спіс уключана толькі адна воласць (Syllonis in Zudua). Гэта, дарэчы, указвае на тое, што інтарэсы адлюстроўваюцца даволі рэалістычна. Толькі невядома, калі яны сфармаваліся. Маючы на ўвазе даволі ранні напад на Курш, можна казаць, што прынамсі Жмудзь у кола зроку датчан магла патрапіць яшчэ ў канцы XII стагоддзя. Трэба звярнуць увагу і на тое, што ў 1180 годзе пры імператары Фрыдрыху Барбаросе, які перамог Саксонскага герцага Генрыха Льва, Данія стала гегемонам паўднёвага ўзбярэжжа Балтыйскага мора (гл. GUDAVIČIUS 1989: 17–18). Гэта дазволіла датчанам яшчэ больш узмацніць экспансію (напрыклад, у 1184 годзе яны падпарадкавалі Памеранію і Мекленбург, гл. DERRY 1995: 67). Цалкам магчыма, што і для жамойтаў найбольшая пагроза ўзнікла адразу пасля 1180 года. А гэта супала з павелічэннем пагрозы Русі для аўкштайтаў.
       Такім чынам, абставіны склаліся спрыяльна для Літвы. З аднаго боку – параўнаўча ўзмацнелая Русь, з другога – экспансія Даніі пагражае суседзям Літвы і прымушае іх клапаціцца пра абарону. Між тым Літва ўжо ўмацавала свой аўтарытэт і можа гэтую абарону забяспечыць. У такіх абставінах уладам Літвы не трэба было прыкладаць шмат сіл для таго, каб іх суседзі паддаліся яе апякунству. Дзе-нідзе, магчыма, давялося выкарыстаць і грубую сілу, у іншых выпадках, напэўна, аказалася дастаткова перакананняў, і новая аб’яднаная дзяржава пад кіраўніцтвам Літвы была ўтворана. У XIII–XIV стагоддзях, калі рускім княствам пачала пагражаць мангола-татарская няволя, яны таксама без вялікага супраціву сталі паддавацца пад апякунства Літвы, быццам працягваючы працэс фармавання Вялікага Княства Літоўскага.


Заўвагі

       1. Г.Лаўмянскі ставіцца да гэтых звестак з сумненнем, указваючы на падобныя выказванні Вінцэнта Кадлубека і Генрыха Латвійскага аб яцвягах і лівах канца XII стагоддзя (гл. ŁOWMIAŃSKI 1932: 209–210). Аднак Вінцэнт Кадлубек пісаў толькі аб тым, што ў яцвягаў няма гарадоў (municipiorum) з мураванымі сценамі (urbium… muros), а Генрых (1, 5) казаў пра канкрэтную абшчыну Ікшкільскіх ліваў, таксама расказваючы пра будаўніцтва мураваных замкаў.
       2. У пачатку першага спіса дадаткова запісаны русіны, а ў канцы – тры народы, якія “приседят к морю варяжскому”: палякі, прусы и чудзь (апошнія – у другі раз).
       3. Магчыма, можна прыняць і звесткі Тацішчава пра тое, што ўжо ў 1102 годзе полацкі князь Барыс хадзіў на яцвягаў.
       4. Фрагментарнасць спіса не дазваляе рабіць выснову, што Літва тут разумеецца ў шырокім сэнсе (параўн., напрыклад, ПАШУТО 1959: 10; GUDAVIČIUS 1987: 174).
       5. Пад 1161 годам у Валынскім летапісе згадваецца яшчэ адзін напад на Мінск (гл. ИПАТЬЕВСКАЯ ЛЕТОПИСЬ 1908: стб. 512), але гэта хутчэй за ўсё звесткі аб тым жа паходзе 1160 года, прадубляваныя з-за недакладнага датавання.
       6. Наконт перакладу гэтага сказа гл.: BŁASZCZYK 1998: 16–17; GUDAVIČIUS 1984: 13–14. Параўн.: “князья под Ольгом сушче” (Ипатьевская летопись 1908: стб. 22).

Літаратура

       Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. Vilnius, 1996. T. 1: Nuo seniausių laikų iki XV amžiaus pabaigos.
       Baranauskas T., Zabiela G. Mindaugo dvaras Latava // Lietuvos istorijos metraštis: (1997 metai). Vilnius, 1998.
       Bieniak J. Państwo Miecława. Warszawa, 1963.
       Błaszczyk G. Dzieje stosunków polsko-litewskich od czasów najdawniejszych do współczesności. Poznań, 1998. T. 1: Trudne początki.
       Būga K. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1958. T. 1.
       Derry T.K. Skandinavijos istorija. Vilnius, 1995.
       Duksa Z. Pinigai ir jų apyvarta // Lietuvių materialinė kultūra IX–XIII amžiuje. Vilnius, 1981. T. 2.
       Dundulis B. Lietuva laisvės kovų sūkuriuose (IX–XIX a.). Vilnius, 1990.
       Dundulis B. Lietuvos kovos dėl Baltijos jūros. Vilnius, 1985.
       Dundulis B. Normanai ir baltų kraštai (IX–XI a.). Vilnius, 1982.
       Galli Chronicon // Monumenta Poloniae historica = Pomniki dziejowe Polski / Wydał A.Bielowski. Lwów, 1864. T. 1.
       Gudavičius E. Dėl lietuvių žemių konfederacijos susidarymo laiko // Lietuvos TSR Aukštųjų mokyklų mokslo darbai: (Istorija). 1984. T. 24.
       Gudavičius E. Kryžiaus karai Pabaltijyje ir Lietuva XIII amžiuje. Vilnius, 1989.
       Gudavičius E. Lietuvos istorija. Vilnius, 1999. T. 1: Nuo seniausių laikų iki 1969 metų.
       Gudavičius E. Mindaugas. Vilnius, 1998.
       Gudavičius E. Rašytiniai šaltiniai // Lietuvių etnogenezė. Vilnius, 1987.
       Indriķa hronika = Heinrici Chronicon / Ā.Feldhūna tulkojums, Ē.Mugurēviča priekšvārds un komentāri. Rīgā, 1993.
       Kuncienė O. Prekyba // Lietuvių materialinė kultūra IX–XIII amžiuje. Vilnius, 1981. T. 2.
       Lietuvos metraštis: (Bychovco kronika). Vilnius, 1971.
       Łowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. Wilno, 1932. T. 2.
       Ochmański J. Lietuvių etninė siena rytuose nuo padermių epochos ligi XVI amžiaus // Rytų Lietuva: (Іstorinių bei etnografinių studijų rinkinys). Chicago, 1980.
       Paszkiewicz H. Początki Rusi / Z rękopisu przygotował K.Stopka. Kraków, 1996.
       Rimbertus. Vita Anscarii: (Accedit vita Rimberti) / Recensuit G.Waitz // Scriptores Rerum Germanicarum. Hannoverae, 1884.
       Scriptores rerum prussicarum, oder die Geschichtsquellen der Preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft. Leipzig, 1861. Bd. 1.
       Tautavičius A. Geležies amžius istorinėse baltų žemėse // Baltų archeologija. 1994. № 3.
       Tautavičius A. Kada susidarė sąlygos Lietuvoje miestams atsirasti? // Lietuvos TSR architektūros klausimai. Vilnius, 1977. T. 5, sąs. 4.
       Tautavičius A. Pirmykštė bendruomeninė santvarka Lietuvos TSR teritorijoje // Lietuvos TSR istorija. Vilnius, 1985. T. 1.
       Volkaitė-Kulikauskienė R. Lietuviai IX–XII amžiais. Vilnius, 1970.
       Volkaitė-Kulikauskienė R. Lietuvių tautybės susidarymas // Lietuvių etnogenezė. Vilnius, 1987.
       Zabiela G. Lietuvos medinės pilys. Vilnius, 1995.
       Zabiela G. Nalšia Lietuvos valstybės kūrimosi išvakarėse // Rytų Lietuva: (Istorija, kultūra, kalba). Vilnius, 1992.
       Zabiela G. Pilys Rytų Lietuvoje valstybės kūrimosi metu // Lietuvos valstybė XII–XVIII a. Vilnius, 1997.
       Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. Vilnius, 1987. T. 2: Iki pirmųjų raštų.
       Žulkus V., Klimka L. Lietuvos pajūrio žemės viduramžiais. Vilnius, 1989.
       Алексеев Л.В. Полоцкая земля: (Очерки истории северной Белоруссии): IX–XIII века. Москва, 1966.
       Антонович В.Б. Очерк истории Великого Княжества Литовского до смерти великого князя Ольгерда // Антонович В.Б. Моя сповiдь: Вібранi iсторічнi та публiцістічнi творі. Кіїв, 1995.
       Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей. Санктъ-Петербург, 1908 (fot. leid.: Mосква, 1962; 1998). T. 2.
       Карамзин Н.М. История государства Российского. Москва, 1989. T. 1; 1991. T. 2–3.
       Королюк В.Д. Западные славяне и Киевская Русь. Москва, 1964.
       Котляр Н.Ф. Древнерусская государственность. Санкт-Петербург, 1998.
       Лаврентьевская летопись // Полное собрание русских летописей. Ленинград, 1926–1928. T. 1. Вып. 2.
       Летописи белорусско-литовские // Полное собрание русских летописей. Москва, 1980. T. 35.
       Лихачев Д.С. “Повесть временных лет”: (Историко-литературный очерк) // Повесть временных лет. Москва – Ленинград, 1950. Ч. 2: Приложения.
       Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Москва – Ленинград, 1950.
       Очерки истории СССР: (Период феодализма IX–XV веков): В 2 ч. Москва, 1953. Ч. 1.
       Пашуто В.T. Образование Литовского государства. Москва, 1959.
       Пашуто В.Т. Особенности этнической структуры древнерусского государства // Acta Baltico-Slavica. Białystok, 1969. T. 6.
       Повесть временных лет. Москва – Ленинград, 1950. Ч. 1: Текст и перевод.
       Рыбаков Б.А. Мир истории: (Начальные века русской истории). 2-е изд. Москва, 1987.
       Юшков С. К вопросу о дофеодальном (“варварском”) государстве // Вопросы истории. Москва, 1946. № 7.


       Пераклаў Віктар ЛЮКЕВІЧ, Край = Kraj. Polonica – Albaruthenica – Lithuanica, Мінск, 2002, с. 104–122.
 
       Пераклад з кнігі: Baranauskas T. Lietuvos valstybės ištakos. Vilnius, 2000, стр. 123–124, 141–161.
       Гл. таксама пераклад стр. 123–124, 141–180 на рускаю мову.


Back Эпоха вікінгаў     Меркавання Next    

 
Гісторыя
Уводзіны
Храналогія
Крыніцы
Эпоха вікінгаў
Вытокі дзяржавы
Вялікія князі
Грамадства
Уводзіны
Сацыяльныя пласты
Дзяржаўны лад
Ваеннае майстэрства
Рэлігія
Пісьменства і мовы
Замкі
Уводзіны
Замак Варута
Гісторыя
Навіны
Справаздачы з даследаванняў
Артыкулы
Паэзія
Драўляныя замкі
Каменныя замкі
Спадчына ВКЛ
Уводзіны
Артыкулы
Карты
Дыскусіі
 
Аб аўтары сайта
Біяграфія
Кантакты
 
 
 
Падпішыцеся ў кнізе гасцей:
 
 
     Search 700 Million Names at Ancestry.com!